Зімовы сон мядзведзя
У канцы лістапада, калі на парозе зіма, мядзведзі залазяць у бярлогу, каб праспаць усю зіму ў цяпле. Людзі гавораць: каб не адчуваць голаду, мішка ў бярлозе ссе лапу. Нашы беларускія бурыя мядзведзі, якіх засталося каля дзвюх соцень, таксама залазяць у бярлогу. Яна робіцца ў дрымучым лесе. Пад вываратнем выкопваецца яма, засцілаецца мяккім голлем, сухою лістотаю і мохам, а зверху накладваецца вялікая куча галля.
На галлё нападае снег, утворыцца вялікая гурба – і ўнутры цёпла. Здагадацца, што гэта бярлога, можна толькі па тым, што над гурбай уверсе праз адтуліну падымаецца пара. Гэта дыхае мядзведзь. Калі зіма суровая, марозная, то мішка вылезе з яе толькі вясной, у сакавіку.
Яшчэ летам мядзведзь пачынае рыхтавацца да зімовае спячкі. Ён назапашвае ў сабе тлушч, а таму есць усё, што трапляецца: дробных звяркоў, жабак, казюрак, слімакоў, птушыныя яйкі, ягады, грыбы, арэхі, фрукты, траву, карэньчыкі. Вядома ж, і ад мяса не адмовіцца, калі ўдасца ўпаляваць лася, дзіка, казулю ці іншага звера, але такое здараецца не часта. Ад тлушчу і цяплей, і ўсю зіму не трэба ўставаць есці.
А на самой справе не так ужо і без просыпу спіць мядзведзь. Ён хутка пачуе, калі нехта з’явіцца побач з бярлогай. Спіць мішка зімовым сном, правільней – дрэмле, а не спіць. Паляўнічыя гавораць, што лапу ён ссе, як дзіця нюню, каб есці не хацелася. Другія сцвярджаюць, што лапай ён нос прыкрывае, каб цяплей было. Трэція тлумачаць прасцей: зімой з лап у мядзведзя злазіць натаптаная за лета старая скура. Свярбіць яму ад гэтага, вось спрасонку сваім шурпатым языком і злізвае амярцвелую скуру.
Пакуль мядзведзь дрэмле, у мядзведзіцы ў бярлозе нараджаюцца два-тры медзведзяняткі. Да вясны яны вырастаюць велічынёй з малога сабачку і таму калі, вылазяць з бярлогі, ужо ўмеюць шукаць і есці карэньчыкі, траву, дробную лясную жыўнасць. Мядзведзікаў-першагодак завуць ланчакі, а другагодак, якія таксама не пакідаюць яшчэ маму, – пестуны.
Калісьці ў Беларусі бурых мядзведзеў вадзілася многа, на іх палявалі. Цяпер яны ахоўваюцца дзяржавай і ўнесены ў Чырвоную кнігу.
Алесь Жук