Ганарысты Каромысел
Каромысел хваліўся:
– Глядзіце ўсе, які я важны! У Гаспадыні на карку сяджу, а яна мяне па вуліцы носіць! Каб не дакучлівыя Вёдры – то парожнія, то з вадою – можа, я і вышэй куды б забраўся, пад самае сонца ўзляцеў бы!
Вырашыў Каромысел пазбавіцца навязлівага суседства. Ножкамі матляе, пустымі Вёдрамі грыміць, з поўных ваду разлівае – гаспадыня не можа зладзіць са сваёй ношаю!
– Ды што гэра робіцца, вёдры нейкія наравістыя зрабіліся! – разлавалася і ў кладоўку іх паставіла.
Вёдрам крыўдна, а Каромысел цешыцца. Стаіць у сенцах і ўяўляе сябе ў нябеснай высі: можа, птушкай, можа, вялікім каляровым балёнікам, а можа, нават і рэактыўным самалётам!
Але тут Гаспадыня павесіла Каромысел у цёмны кут. Хоць ваду калодзежную любіла і з каромыслам грацыю сваю трэніравала, але, раз такія непярэліўкі, да студні хадзіць перастала: вадаправод жа ў хаце!
Хутка надакучыла Каромыслу ў цёмным куце вісець. Як усе паснулі, выбраўся на двор – прыгодаў шукаць.
Адразу ж разагнаўся і з ганку падскочыў – увысь, да зорак! Але палёт атрымаўся кароткі – бразнуўся Каромысел вобземлю, плечы выцяў, на лбе гуз набіў.
Ляжыць, аглядаецца – што яшчэ прыдумаць?
Бачыць у двары Аўтамабільчык стаіць. Кінуўся Каромысел да яго, дзверы адчыніў, на месца кіроўцы ўсеўся:
– Паехалі, – падбівае Аўатамабільчык, – пакуль Гаспадар спіць, пакатаемся.
– Бач ты, які спрытны! – не ўхваліў Аўтамабільчык задуму. – Пасведчанне вадзіцельскае маеш?
– Не, – сумеўся Каромысел.
– Ну дык спачатку, як і Гаспадар, курсы прайдзі, на правы здай, а тады ўжо за руль лезь! – Аўтамабільчык выштурхнуў Каромысел з салону і дзвярыма бразнуў.
Проста ля Матацыкла апынуўся пакрыўджаны Каромысел.
– Можа, з табой, сябра, пакатаемся?
– Які я табе сябра! – абурыўся Матацыкал. – Хіба ты ўмееш мной кіраваць?
– А што там умець! За руль трымайся ды на педалі цісні!
– Вось такія і ламаюць сабе рукі-ногі, разбіваюць галовы! Навучыцца трэба, “кіроўца”, перш чым за руль садзіцца і на дарогу вылазіць!
Надзьмуўся Каромысел: паўсюль шэрасць, рызыкантаў няма! Аж бачыць: Ролікавыя Канькі ля ганка стаяць.
– А на вас катацца таксама толькі з правамі можна?
– Не, – кажуць Канькі, – можна без правоў. Але ўмець усё адно трэба.
Дзе там пра ўмельства Каромысел слухаць будзе! На ногі канькі ўссунуў і выкаціў за вароты!
Ой, завялікія Каромыслу канькі гаспадарскага сына Сцёпкі! І тармазіць Каромысел зусім не ўмее. Я-я-я-ак разагнаўся! Я-я-як паляцеў ад варот на самы канец вёскі! Хаты абапал дарогі мігцяць, неба наперад мкнецца – ну, не Каромысел, а сапраўдная ракета!
Толькі ў космасе сябе ўявіў, як на ўсёй сваёй звышгукавой хуткасці ўрэзаўся ў Калодзеж! Канькі – на адзін бок, сам – на другі. Ляжыць, ледзь дыхае.
– Ці жывы? – захваляваўся Калодзезны Журавель і пырснуў сцюдзёнай вадою Каромыслу ў твар.
Ачомаўся Каромысел, сеў, вакол паглядае.
– О, братка, стары знаёмы! – гукнуў разбуджаны Калодзеж. – Як сам, як Вёдры, як Гаспадынька маецца? Нешта даўно яе не відаць, ці не захварэла? Адна яна з усёй вёскі і прыходзіла па маю ваду – жыў я, вада жывой была. А калі не чэрпаць – затхне, прападу…
Маўчыць Каромысел, пачырванеў – добра, што ноч, не бачаць гэтага ні Калодзеж, ні Калодзежны Журавель.
– Прыйдзем заўтра ж! – абяцае. – Гаспадыні крыху нездаровілася, дык Вёдры адпачынак узялі, а я вось на курсы катання на ролікавых каньках запісаўся.
– Будзем чакаць! – узрадаваўся Калодзеж.
Сорамна Каромыслу, што давялося ілгаць. Яшчэ горш ад таго, што разлад з Вёдрамі і Гаспадыняй усчыніў. Падняўся ён з зямлі, канькі падабраў, развітаўся, падзякаваў за спрыянне ў цяжкую хвіліну – і дахаты.
Ціхенька ў сенцы ўвайшоў, Вёдры з кладоўкі вынес, ля дзвярэй паставіў і сам побач уладкаваўся.
– Перапрашаю, – кажа Вёдрам, – не таіце зла! Давайце зноў працаваць разам!
Вёдры не зласлівыя, даравалі – таксама без працы занудзіліся. І за прыяцеля рады, што адумаўся – разам раніцы чакаюць.
Выйшла Гаспадыня ў сенцы на досвітку. Убачыла Каромысел з Вёдрамі ў дзвярах – за вадой да калодзежна збірацца стала. І вады сцюдзёнай захацелася, і прайсціся па вёсцы на досвітку так радасна! Усклала Каромысел на плечы, Вёдры ўзяла – і рушыла звыклай дарогаю.
Ідзе сабе без прыгод: Каромысел ціхі стаў, больш не ладзіць фокусаў з Вёдрамі. За мінулую ноч ён шмат чаго перадумаў. Не перастаў пазіраць у неба і ўяўляць сябе то балёнікам, то рэактыўным самалётам, то птушкай і – цягнуцца ўвысь…
Толькі цяпер мары яго рабілі Вёдры з вадой лягчэйшымі, а шлях Гаспадыні – спакойным і радасным.
Алена Масла