Смачны сон
Ляжыць пасля ночы ў пасцелі бядняк ды ўсё аблізваецца і аблізываецца.
Убачыла гэта яго жонка і пытае:
— Чаму гэта ты, чалавеча, не ўстаеш, а ляжыш ды ўсё аблізваешся, не раўнуючы,бы кот?
— Сон вельмі смачны сасніў, — кажа бядняк. — То ляжу вось і смакую яго.
— Які ж бо то сон такі?
— А вось уяві сабе. Стаіць перада мною стол, а на ім — чаго толькі няма. І пшанічныя аладкі, і пірагі, і масла, і смятана, і сыр, і яечня, і мёд… То я як усеўся за стол, дык не вылез, пакуль не нажэрся, чаго хацеў. А напаследак яшчэ і мёду глячок выпіў…
-Ну то хвала богу, што ты наеўся, — радасна ўспляснула рукамі жонка. — А то я хаджу цэлы ранак па хаце ды галаву ламаю, што б на снеданне зварыць, чым бы цябе накарміць…
Барыс Сачанка
(з апавяданняў і жартаў, пачутых у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна)