Ядвігін Ш. — Гадунец
Каля крыжавых дарог пад узгоркам разрасліся кусцікі: пад’яловец, сухадрэўка і лаза. Кусцікі былі дробныя. Гулялі ветры лютыя і абрывалі лісточкі з іх; праляталі навальніцы страшэнныя і крышылі галінкі іх; каціліся паводкі глыбокія і падмывалі карэньчыкі ім. Дрэнна, зусім дрэнна стала жыць кусцікам…
Вось у цёмныя ночкі сталі шаптацца паміж сабой кусцікі, каб як долю сваю паправіць. Раіліся, раіліся і, урэшце, прыдумалі ўзгадаваць паміж сябе такое велізарнае дрэва, каторае б густымі лістамі сваімі ад ліхіх ветраў закрывала іх, вялікімі галінамі сваімі ад страшэнных навальніц сцерагло, тоўстымі карэннямі сваімі ад глыбокіх паводак бараніла.
Траплялася не раз, — памяталі кусцікі, — як паміж іх заляталі зерняты з вялікіх дрэў, але яны і ўвагі на іх не звярталі: паляжыць гэтакае насенне, паваляецца, і то вецер далей яго гоне, то яно засохне і згіне. Але цяпер — пасля нарады — на першае зерне, якое да іх трапіла, сыпнулі кусцікі сваімі лісточкамі і іголачкамі і, гэтак прыкрыўшы, сталі шанаваць і сцерагчы яго. З пестуна на другі год — на вясну — паказаўся расток, і пагнала яго ўгару. Цешыліся кусцікі і, каб даць выгоду свайму гадунцу, не жалеючы падсыпалі і падсыпалі яму то лісточкаў сваіх, то іголачак.
Шмат год прайшло з таго часу, але ўсё ж ткі прыждалі кусцікі, калі іх гадунец-дрэва разраслося на здзіў высокае, на здзіў шырокае, на здзіў густое. Надзея кусцікаў, што вось-вось цяпер настане для іх новае, спакойнае, лепшае жыццё, цешыла іх бязмерна.
І праўда. Тоўстае карэнне, вялікія галіны, густыя лісты баранілі іх ад ворагаў, паводак, навальніц, ветраў, — але гадунец гэты закрыў ім і… сонца.
І — пагінулі кусцікі!..