Журавель і цецярук
На далёкім балоце пасябравалі журавель і цецярук. Толькі цецярук ніяк не мог зразумець, чаму журавель не ўзлятае на дрэва, топчацца ўвесь час па траве. А журавель, наадварот, здзіўляўся, чаму цецярук сядзіць на бярозе і рэдка спускаецца на зямлю.
Аднойчы цецярук спытаў у жураўля:
Будзеш начаваць разам са мною на дрэве?
– Не, – адказаў Журавель, – баюся. Я вялікі і цяжкі. Бярозавая галіна не вытрымае мяне, я ўпаду і зламлю крыло ці нагу…
Надышла восень. Журавель пытаецца ў сябра:
– Паляціш са мною ў цёплыя краіны?
– Не магу, дарагі журавель. Баюся, сіл не хопіць так далёка ляцець. Загіну дзе-небудзь над акіянам.
– Шкада, – уздыхнуў журавель. – Там, у выраі, мне было б весялей з табой.
Цецярук праводзіў сябра ў далёкую дарогу. На развітанне журавель сказаў:
– Ну што ж, бывай да вясны. Не сумуй без мяне…
Сядзіць цецярук зімой на дрэве і адчувае, што вось-вось замерзне. Успомніў, што журавель увесь час начаваў на купіне ў траве, і вырашыў таксама апусціцца на зямлю. Зарыўся ў снег, цёпла там і ўтульна. Так і праседзеў да вясны.
Сонейка з кожным днём уздымалася ўсё вышэй, усё святлей і цяплей станавілася на балоце. І аднойчы раніцай цецярук пачуў здалёку жураўлінае “кур-лы, кур-лы”… Узрадаваўся, узляцеў на бярозу, забалбатаў-заспяваў сваю вясновую песню.
Пачуў песню журавель – і адразу ж да свайго сябра скіраваўся. Засумаваў па ім там, за морам-акіянам.
Васіль ФЕРАНЦ