Выстава «Книжки в штанишках» адкрылася!
27 снежня ў Палацы мастацтва адкрылася першая спецыялізаваная выстава-кірмаш дзіцячай кнігі «Книжки в штанишках». Эспанентамі сталі выдавецтва Беларускага Экзархата, Выдавецтва Свята-Елісавецінскага манастыру, буйнейшы беларускі дыстрыб’ютар вядучых сусветных і айчынных распрацоўнікаў праграмнага забеспячэння і мультымедыйных праграм ТАА «Мультидиск», а таксама выдавецтвы дзіцячай кнігі (“Беларуская энцыклапедыя”, “Народная асвета”, “Траско”) і дзіцячыя перыядычныя выданні (“Зорка”, “Кважды Ква”, “Умняша”, “Рюкзачок”, “Качели” і, вядома, “Вясёлка”).
Пра актуальнасць выставы, якая праходзіць у межах праваслаўнай выставы, сведчыць вялікая колькасць ганаровых гасцей і журналістаў. Арганізатары справядліва звязваюць нізкі духоўны ўзровень грамадства з тым, што якасная літаратура карыстаецца ўсё меншым попытам у дзяцей. Экспазіцыі духоўнай літаратуры мяжуюць з моладзевай, прыгодніцкай, бо маюць калі не аднолькавыя, то вельмі падобныя мэты.
Хто ўжо праглядаў анонс выставы, ведае пра разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей. Карацей кажучы, на выставе можна знайсці не толькі мастацкую і духоўную літаратуру, але і карысна бавіць час.
Першы дзень выставы пачаўся з цікавага творчага майстар-класа дзіцячага пісьменніка Андрэя Смятаніна. Трэба адзначыць незвычайную энергетку і добры настрой “Літаратурных пасядзелак” з пісьменнікам. Дзеці з імпэтам прымалі ўдзел у творчых конкурсах.
Такія “Пасядзелкі” з іншымі дзіцячымі пісьменнікамі будуць адбывацца кожны дзень працы выставы, акрамя 31 снежня.
Зараз некалькі слоў пра згаданую дзелавую частку. Афіцыйнае адкрыццё выставы наведала старшыня упраўлення культуры Мінгарвыканкама Рудзікова Віталіна Ўладзіміраўна. Епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Веніамін адзначыў значнасць асветніцтва асабліва напярэдадні свята і нагадаў пра абавязак бацькоў і педагогаў “сеяць добрае семя” ведаў і духоўнасці.
Адразу пасля афіцыйнага адкрыцця ў дзіцячую гасцёўню паклікала дзяцей вялікая пчала Ўмняша. Самым спрытным і кемлівым удзельнікам вясёлых конкурсаў і гульняў дасталіся падарункі ад часопіса “Умняша”.
А ў перапынках паміж мерапрыемствамі ў дзіцячай гасцёўні ідуць папулярныя мультфільмы. Дзеці могуць проста пасядзець за сталамі, памаляваць, паглядзець калекцыю лепшых малюнкаў “Вясёлкі”.
Штодзённа праходзіць выстава дзіцячай ілюстрацыі «Весёлая страна» Аксаны Аракчэевай. У першы дзень дзеці не толькі пазнаёміліся з мастачкай, але і малявалі разам з ёй.
Незвычайна праніклівай і светлай была Літаратурная гасцёўня праваслаўнай духоўна-асветніцкай газеты «Воскресение». Прагучала шмат вершаў і песень, у тым ліку ў выкананні пісьменніцы Таццяны Дашкевіч.
Гэткая ж насычаная праграма чакаецца кожны дзень працы выставы. Дзеці сустрэнуцца з пісьменнікамі, мастакамі, акцёрамі. Кожнае мерапрыемства непаўторнае, захапляльнае і, галоўнае, абавязкова ўключае падарункі.
Таксама штодзённа будуць праводзіцца мерапрыемствы для дарослых, асабліва для бацькоў, ад якіх залежыць колькасць і якасць дзіцячага чытання. На сустрэчу з бацькамі і педагогамі прыдуць бібліятэкары, псіхолагі, метадысты.
Часопіс “Вясёлка” чакае сваіх чытачоў кожны дзень у 17 гадзін у Дзіцячай гасцёўні. Ужо знаёмыя са старонак часопіса пісьменнікі з задавальненнем прымуць удзел у штодзённых (дакладней, штовечаровых) сустрэчах. І зноў жа плануюцца абавязковыя падарункі.
А 31 снежня ў 12 гадзін у Дзіцячай гасцёўні з’явіцца Дзед Мароз. У Новы год дзеці могуць чакаць любых цудаў, тым больш ад першай выставы лепшых дзіцячых кніг краіны.
Ліна Чарняўская
Больш фотаздымкаў са дня адкрыцця выставы ТУТ