Перад Калядамі
Аднойчы перад Калядамі сняжынкі вадзілі святочны карагод. Але вось адна з іх, беленькая прыгажуня, адлучылася адсябровак. Глядзела навокал і радавалася: “Я лячу-у-у-у! Лячу, як птушка! А ўнізе столькі ўсяго незвычайнага, не ведаю нават, дзе прызямліцца”.
На вялікай плошчы стаяла ёлка. Зялёная і зіхоткая ад каляровых цацак і гірляндаў. Лясная госця збіралася на калядны баль. “Сяду на адну з яе лапак, – рашыла сняжынка. – І таксама траплю на свята, буду радавацца разам з гасцямі”.
Раптам яна пачула дзіцячы смех. Хлопчык у зялёнай шапачцы і дзяўчынка з ружовымі шчочкамі ляпілі снегавіка. Хлопчык тыркаў вялікую моркву туды, дзе ў снегавіка павінен быць нос, а дзяўчынка весела смяялася.
Сняжынка і пра ёлку забылася, хацела ўжо сесці на галаву снегавіка. Ды тут заўважыла, як да дзяцей падыходзіць хлопчык з сумным тварыкам. Ён быў бледны і такі маркотны, што сняжынка захвалявалася. Як жа так?! Усе павінны радавацца Калядам, ды ёсць і тыя, каму не хочацца смяяцца і скакаць альбо ляцець, як ляціць яна, маленькая вандроўніца. А хлопчык доўга хварэў. І толькі напярэдадні свята мама дазволіла яму выйсці на двор. Ён быў яшчэ нядужы і моўчкі назіраў за дзецьмі, якія ляпілі снегавіка, сам не мог дакрануцца да халоднага снегу.
Сняжынка ўсё гэта адчула, бо ў яе грудзях білася палымянае сэрцайка. І калі хлопчык працягнуў насустрач далоньку, яна, ні хвілінкі не вагаючыся, апусцілася на рукавічу.
– Мама! – закрычаў хлопчык. – Паглядзі, якая яна прыгожая, беленькая і пушыстая!
Сняжынка, пачуўшы гэтыя словы, ажно паружавела ад задавальнення. Яна зразумела, што прыносіць радасць іншым лепш, чым радавацца самой.
Святлана ЯРАШЭВІЧ