Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма БАГДАНОВІЧА
Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма БАГДАНОВІЧА
Алесь МАРЦІНОВІЧ
МАКСІМАЎ ВАСІЛЁК
Калі-небудзь вы пабываеце ў Ялце. Дарога няблізкая. Білет шмат каштуе. Толькі нездарма кажуць: калі чагосьці вельмі захацець, то яно абавязкова збудзецца.
Пра адно прашу. Перад паездкай у Ялту знайдзіце і прачытайце верш народнага паэта Беларусі Максіма Танка “Над магілай Багдановіча”. Несумненна, вас апануюць тыя ж пачуцці, якія некалі перажыў, наведаўшы Ялту, Максім Танк. Завітаў ён у гэты горад на беразе Чорнага мора вясной. Тое, што было тады на душы ў паэта, абавязкова кранецца і вашай душы.
Усё адбудзецца менавіта так, быццам і не мінулася семдзесят гадоў – верш “Над магілай Багдановіча” напісаны ў 1940 годзе.
Тут вясна асыпала ўсё цветам,
І цяжэй знайсці ўчарашні след.
Хоць над раннім курганом паэта
Напісалі імя і санет.
Што ж… мае спазніліся так годы,
А твае так рана адцвілі –
Сёння разам выйшлі б мы да ўсходу
Прывітаць радзімы караблі.
Рокат мора, збуджанага ветрам,
Што з вяршынь аснежаных Ай-Петры
Кожны дзень плыве на Беларусь.
Цішыню прадвечнага спакою
Кіпарысы вартай сцерагуць.
Але, пэўна, калі гром прыбою
Змоўкне і растане ў пене гул, –
Чуеш ты, як звоняць сосны ціха,
Як, палі вітаючы свае,
Недзе ўнучка слуцкае ткачыхі
Пра вясну шчаслівая пяе.
Паспяшайцеся на магілу Максіма Багдановіча. Лепей дабірацца пехам. Хоць часу гэта і зойме болей, затое пабольшае і ўражанняў. Не ўпусціце магчымасць прайсціся горадам, які памятае крокі Багдановіча.
Зразумела, шмат што змянілася. Ды ўсё тое ж мора, якое любіў Максім і на бераг якога не мог хадзіць так часта, як хацелася, бо на беразе, з-за вільготнасці, абвастралася ягоная хвароба. Нямала і будынкаў, што амаль не змяніліся пасля таго, як ён жыў тут. Захаваўся і той, у якім Максім спыніўся ў 1909 годзе. Тады ён адпачываў у Старым Крыме, каля гары Ауткі, непадалёку ад дачы Антона Чэхава.
Двухпавярховы дом з балконам і ўпрыгожваннямі з лепкі знаходзіўся на вуліцы Крымскай. Цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча. Дом жа ў цэлым амаль не адрозніваецца ад таго, колішняга. Няма толькі маленькага балкончыка, на які любіў выходзіць паэт. А вось той дом, у якім ён правёў свае апошнія дні, на жаль, не захаваўся. На яго месцы пабудавалі клуб санаторыя “Ялта”. Горад працягвае заставацца Ялтай Максіма Багдановіча.
А вось ён сам, нібыта жывы. Задуменны, засяроджаны на высокім пастаменце. Сваю адзіную прыжыццёвую кнігу, неўміручы “Вянок”, трымае ў правай руцэ. Прыціснуў яе да сэрца. Позірк скіраваны ў далечыню. Пра Беларусь думае. Пра радзіму, якая дачакаецца “залацістага яснага дня”.
Менавіта такім Максіма Багдановіча ўяўляюць скульптары – бацька і сын Леў і Сяргей Гумілеўскія, таму і зрабілі яму адпаведны надмагільны помнік.
Глядзіш на гэты помнік і адразу ўспамінаеш іншы. Работы знакамітага Сяргея Вакара. Больш манументальны, устаноўлены ў Мінску насупраць дома, дзе нарадзіўся Максім. Стаіць Паэт ва ўвесь рост. У правай руцэ — “цвяток радзімы васілька”.
Гэтая сціплая кветка даўно ўспрымаецца як сімвал ягонай творчасці.
Сам жа Максім Багдановіч – той Васілёк, які, узгадаваўшыся на чужой зямлі, не засох. Выстаяў, каб вярнуцца на радзіму. Зразумеў, што няма лепшай зямлі, чым свая. І хоць паэт спіць вечным сном далёка ад Бацькаўшчыны, ён заўсёды з ёю.
Глыбокі сэнс набывае выказванне народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі: “Зорка Максіма Багдановіча на беларускім паэтычным небасхіле з’явілася невыпадкова. Яна павінна была з’явіцца. Бо без Багдановіча наша літаратура вельмі многае страціла б. Яна была б не той літаратурай, якую мы маем цяпер. Багдановіч прывіў літаратуры пачуццё асобы, індывідуальнасці, бліскуча даказаўшы, што свет асобнага чалавека такі багаты, як і Сусвет”.
Максім Багдановіч жыве. Максім Багдановіч будзе жыць. Да той часіны, пакуль жывуць на зямлі беларусы.
Беларускі ж народ неўміручы.
http://www.knihi.com/Maksim_Bahdanovic/Pa-nad_bielym_pucham_visniau.html
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых, –
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песьня, –
Ціхі, ясны гімн вясьне.
Ці ня сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці ня вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разьведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі,
Што ляцяць, дрыжаць, зьвіняць.
Песьня врецца і ліецца
На раздольны, вольны сьвет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.