Шведскія ўборы
Шведскія ўборы
Жыхары кожнай з 25 гістарычных правінцый Швецыі мелі сваё ўяўленне пра народны касцюм і яго асаблівасці. Фолькдрэкт, ландскапсдрэкт, соккедрэкт, бюгдэдрэкт, хембюгдсдрэкт – гэта ўсё назвы народных касцюмаў.
У шведаў нацыянальным лічыцца касцюм, распрацаваны ў 1903 годзе Мэртай Ёргенсэн. Працуючы ў каралеўскай рэзідэнцыі Тульгарн, яна пабачыла прынцэсу Вікторыю з Бадэн-Бадэна. Будучая каралева спрабавала паказаць сваю прыналежнасць да шведскай культуры і насіла стылізаваныя нацыянальныя касцюмы. Так быў створаны тыповы нацыянальны шведскі касцюм.
Спадніца і камізэлька шыюцца з шарсцяной тканіны сіняга “шведскага колеру”. Ёсць яшчэ і варыянт з ярка-чырвоным ліфам. Фартух – жоўтага колеру ў спалучэнні са спадніцай – сімвалізуенацыянальны сцяг. Камізэлька аздабляецца вышыўкай, якая ўвасабляе багатае гістарычнае мінулае краіны. Ніз спадніцы ўпрыгожваецца акантоўкай, якая мае той жа колер, што і камізэлька. Галаўны ўбор — белага колеру, белая блуза – з шырокім каўняром. Панчохі – толькі чорныя, як і абутак. На плечы накідваецца каляровая хустка. Жаночы варыянт касцюма лічыцца святочным. Яго можна пабачыць на шведскіх прынцэсах і пераможцах конкурсаў прыгажосці.
Варыянт касцюма для мужчын распрацаваў Бу Мальмгрэн. Ён прапанаваў льняныя кашулі з стаячымі каўнярамі, вузкія жоўтыя альбо зялёныя, трохі ніжэйшыя калена штаны, доўгія шарсцяныя панчохі, скураны абутак на тоўстай падэшве з вялікімі масіўнымі спражкамі. Да гэтага дапасуюцца кароткія курткі, камізэлькі з металічнымі гузікамі і шарсцяная вязаная шапачка з пампонамі, альбо фетравы ці саламяны капялюш.
У Швецыі шмат крам, дзе можна набыць гарманічны нацыянальны касцюм. Гэта вялікая геаграфічна выцягнутая па плошчы краіна. Можна рухацца з гор Лапландыі на поўдзень – да ўрадлівых раўнін Сконэ – і ўсюды адчуваецца цікавасць да папулярнай нацыянальнай вопраткі.