Вася Вясёлкін запрашае ў Швецыю
Вася Вясёлкін запрашае ў Швецыю
Каралеўства Швецыя – дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Мяжуе з Нарвегіяй, Фінляндыяй. Пралівы Эрэсун, Каттэгат і Скагэррак аддзяляюць Швецыю ад Даніі. Частка краіны знаходзіцца за паўночным палярным кругам. Улетку там сонца свеціць нават ноччу, а зімой прыходзіць час густой цемры палярнай ночы і прыгажосці паўночнага ззяння. У Лапландыі можна сустрэць знакамітага паўночнага аленя, які давязе праз ледзяныя рэкі да самога Санта-Клаўса. У лясах водзяцца вавёркі, казулі, зайцы, самая вялікая колькасць у свеце ласёў (гэта адзін з сімвалаў Швецыі), а ў паўночнай тайзе – рысі, расамахі, бурыя мядзведзі. У краіне прыкладна 340 розных відаў птушак і 160 відаў рыб, якіх можна злавіць у 100 000 азёр Швецыі.
Сталіца Швецыі – старажытнейшы горад краіны. Яму – 750 гадоў. Размяшчаецца на 14 астравах, злучаных паміж сабой 53 мастамі. Сэрца горада – Гамла Стан (Стары горад). Стакгольм – адзін з самых музейных гарадоў свету: тут знаходзіцца больш за 70 музеяў.
Том Ціт Эксперымент
Музей названы ў гонар французскага пісьменніка Артура Гіда, які пад псеўданімам Том Ціт змяшчаў артыкулы для юных чытачоў у часопісе “Дзівосная навука”. Музей запрашае прыняць удзел у 600 розных эксперыментах, якія знаёмяць з законамі фізікі. Можна наведаць хімічную лабараторыю, залу аптычных ілюзій, пасядзець на цвіках, пакатацца на веласіпедзе па канаце, нацягнутым высока над маставой.
Сонечная палянка
Музей Юнібакен, або “Сонечная палянка”, знаходзіцца на востраве Юргордэн. Быў адкрыты ў 1996 годзе як музей герояў казак вядомай шведскай казачніцы Астрыд Ліндгрэн. Назву музею дала кніга Ліндгрэн “Мадыкен і Пімпс з Юнібакена”. Апроч Пепі Доўгай панчохі, Малыша і Карлсана, тут можна сустрэць Віні Пыха (Алана Мілна), Мумі Троля (Туве Янсана) і нават амерыканскіх паляўнічых за прывідамі. Джунглі, якія размешчаны на першым паверсе, запрашаюць у свет Маўглі і Тарзана. Вандроўка на казачным цягнічку вывезе ў чароўныя даліны, адтуль можна перанесціся на дах, дзе жыве абаяльны Карлсан, пагуляць з гарэзлівай Пепі.
Ваенны карабель “Ваза” пабудаваны на верфі ў самым цэнтры Стакгольма. Адплыццё было прызначана на 10 жніўня 1628 года. Але, праплыўшы 1300 метраў, карабель патануў. І праляжаў на дне 333 гады. У 1956 годзе судна было знойдзена каля вострава Бэкхольмэн. У 1961 годзе яго паднялі на паверню. Драўляныя часткі “Вазы” цудоўна захаваліся, бо ў Балтыйскім моры з-за маласалёнай вады няма ракавінак-тачыльшчыкаў, якія знішчаюць дрэва. На працягу 17 гадоў вяліся рэстаўрацыйныя работы. Цяпер карабель вельмі рэагуе на змяненне тэмпературы, вільгаць, святло. Таму наведвальнікі мусяць знаёміцца з “Вазай” у прыцемках.
Анастасія Радзікевіч