Васіль Вітка. Вершы
Узяў мяне одум:
Хто я такі, адкуль родам?
І дазнацца ў мамы мусіў –
Беларус я, з Беларусі.
Беларусь
На карце вялікага свету
Яна – як зялёны лісток,
Сасмяглая песня лета,
Жывое вады глыток,
Адвечная калыханка,
Душы запаветны куток.
Трапеча гарачым ранкам
На дрэве нястомны лісток,
А ў навальніцу б’ецца,
Нябачны паміж лісця,
Як роднае матчына сэрца,
Што мне даражэй жыцця.
Чатыры пажаданні
Добра, калі ты змалку
Можаш вітаць людзей.
Раніцай: – Добрага ранку!
І апаўдня: – Добры дзень!
Увечары пры сустрэчы
Знаёмым сказаць: – Добры вечар!
А соннаму сонейку нанач
І ўсім добрым людзям: – Дабранач!
Сем вясёлых муляроў
Загадка
Сем вясёлых муляроў,
І такіх, што будзь здароў –
Аж паўнеба распісалі.
Выйшла што – не знаюць самі.
Той, напэўна, адгадае,
Хто часопіс наш чытае.
Лічылка-скакалка
Опа,
Опа,
Опа,
Амерыка,
Еўропа,
Азія,
Афрыка,
Кітай,
Індыя…
А дзе
Наш край?
Ты
Пакліч –
І я
Знайдуся:
Я
Завуся
Беларуссю!