Хто як зімуе
Моцна спіць зімой вавёрка
– у яе пад снегам норка.
А ў бярлозе, у бары,
смокча лапу лось стары.
І казуля не ўтрывала,
і таксама прыдрамала,
у нары, у гушчары,
да вясновае пары.
Спіць яна і бачыць сны
аж да самай да вясны.
Зайцы ў вырай адляцелі,
заставацца не схацелі,
бо зімою халады,
недалёка да бяды.
А яшчэ, скажу вам шчыра,
і ваўкі зляцелі ў вырай,
а за імі да пары
адляцелі і зубры.
Замест іх павесяліцца
прылятуць да нас лісіцы,
каб у нас зазімаваць,
падзяўбаць-пачаставаць
ягадак рабіны
ды яшчэ каліны.
А бабёр па верхавінках,
спрытна скача па галінках.
На сасне ў яго дупло –
там утульнае жытло.
Там арэхі пра запас,
а запас зімой – як раз!
Усю восень працаваў –
шмат арэхаў назбіраў.
І грыбы бабёр шукаў,
на галінкі іх чапляў…
так што зараз у бабра –
процьма ўсякага дабра!
Ну, а вожык у бары
спіць дзянёчак у нары.
А прачнецца на змярканні –
і бяжыць на паляванне.
А барсук, браткі мае,
на зіму гняздзечка ўе!
Там выводзіць дзіцянятак,
маладых барсучанятак.
А каб зімку перажыць –
любіць шышкі церушыць.
Трушчыць адмыслова,
майстра – адно слова!
Ну, а з шышак семяно —
вельмі смачнае яно —
ён прыносіць дзіцяняткам,
маладым барсучаняткам.
Корміць іх, засцерагае,
цёмнай ноччу сагравае,
каб яны хутчэй раслі,
каб здаровымі былі.
Вось мядзведзю незадача –
ён па гурбах так і скача!
І баіцца, і дрыжыць –
небараку цяжка жыць!
Ён не мае абароны
ад сарокі ды вароны.
А сарокі кіпці точуць –
спаляваць мядзведзя хочуць!
А вароны зубы шчэраць –
хочуць бедным адвячэрыць!
Вось такія вось суседзі
злыя ў нашага мядзведзя!
Сам жа ён грызе кару
ў гэту цяжкую пару.
Можна ўбачыць па слядах –
як ён бегаў па садах,
як скакаў туды-сюды,
як заблытваў ён сляды,
каб у снезе дзень ляжаць
ды ад страху зноў дрыжаць…
А цяпер, сябры, увага!
Можа будзе ў вас заўвага?
Можа штосьці я змяніў,
можа дзесьці я зманіў?
Вы ж памылкі пашукайце,
дзе што трэба – памяняйце,
каб звяры не бедавалі,
а як трэба зімавалі.
Пастарайцеся, сябры –
дзякуй скажуць вам звяры!