Мурашка
Мурашка
Васіль Ткачоў
Петрык з Алай назбіралі кошык грыбоў, спыніліся каля мурашніка. Вунь якія яны працавітыя, мурашкі! Імкліва снуюць узад-уперад, кожная спяшаецца некуды. Петрык яшчэ б доўга назіраў за мурашкамі, але сястра сказала:
– Пара дахаты. Дождж будзе.
– А ты адкуль ведаеш?
– Мурашкі зачыняюць вокны і дзверы ў сваім доме, – патлумачыла Ала. – Бачыш, усё меней і меней дзірачак застаецца. Пахаваюцца ад дажджу ў сваіх пакойчыках, цёпла і ўтульна ім будзе.
Дождж забарабаніў па даху, калі Петрык з Алай былі ўжо дома, перабіралі грыбы. І раптам Петрык заўважыў мурашку, якая бегла па ножцы баравічка.
– Глядзі, Ала! – гукнуў хлопчык.
– Што там у цябе? – узняла на Петрыка вочы сястра.
– Мурашка.
– Бачу, што мурашка. І што?
– Разумееш яна ж з таго мурашніка, каля якога мы былі. Там усе такія вялікія. Калі ў мурашніку зачынялі вокны і дзверы, яна гуляла недзе. Потым залезла ў кошык. А можа, вырашыла пацікавіцца, колькі ў нас грыбоў у кошыку?
– Відаць, так і было, – усміхнулася сястра.
– А мне яе шкада. Мама з татам, напэўна, ужо шукаюць, а яна ў нас.
Ала паглядзела на брата:
– Дык што рабіць будзем?
Петрык падумаў і спытаў:
– А заўтра мы пойдзем у лес?
– Пойдзем. Позніх грыбоў яшчэ багата.
– Тады добра! – засвяціўся твар у хлопчыка. – Сёння я стаміўся. А заўтра аднясём мурашку ў лес…
Петрык узяў маленькі слоік і асцярожна апусціў туды лясную госцю. Ён не ведаў, чым яны, мурашкі, кормяцца, але верыў, што за ноч з ёй нічога не здарыцца.