Як мышкі ката правучылі
Як мышкі ката правучылі
Казка
Жылі ў адным доміку мышкі, вельмі добрыя і прыгожыя. Але людзі, якія таксама жылі ў тым доміку, не любілі іх. І завялі ката, вялікага і важнага. З той пары не стала жыцця мышкам. Ні паесці смачна, ні пагуляць весела. Куды ні пойдуць – там ужо сядзіць кот, чакае іх, бедных.
Аднойчы вырашылі мышкі абхітрыць ката. Гуртам засунулі мышалоўку за вугал печы, а соннаму кату падкінулі кавалачак мяса, прывязаны да ніткі. Самая маленькая мышка падкралася і грызнула ката за хвост.
Кот прачнуўся, бачыць: мяса! Скокнуў, ды мяса ўцякло. Зноў скокнуў, а пастка лясь! – і прыціснула яму лапу.
– Мышачкі, даражэнькія, дапамажыце! – жаласліва пачаў прасіць кот.
– А ты будеш частаваць нас сырам?
– Буду.
– А ты будзеш лавіць нас?
– Не…
Паклікалі мышкі людзей, і тыя вызвалілі ката.
Дружна жывуць цяпер у доміку мышкі і кот, важны, але добры. Толькі людзі не задаволены, што яны сябруюць.