Вася Вясёлкін запрашае ў Славакію
Вася Вясёлкін запрашае ў Славакію
Славацкая Рэспубліка – дзяржава ў Цэнтральнай Еўропе. Мяжуе з Чэхіяй, Польшчай, Украінай, Венгрыяй, Аўстрыяй. Галоўныя рэкі краіны – Дунай, Ваг, Грон. У Славакіі размяшчаюцца Карпацкія горы. Самая высакагорная славацкая частка Карпат – Высокія Татры. Найвышэйшая кропка Славакіі і ўсіх Карпат – Герлахоўскі Шціт, яго вышыня 2655 метраў. Дзяржаўная мова – славацкая. Нацыянальная валюта – славацкая крона.
Браціслава
Горад Браціслава з 1993 года – сталіца незалежнай Славакіі. Заснаваны ў 907 годзе, як горад – вядомы з 1291 года, з 1541 – сталіца Венгрыі. У Браціславе мноства старажытных вуліц – Замоска, Жыжкова, Капітульска, Панска, Кларыска, цэркваў і гістарычных помнікаў. Амаль увесь цэнтр старога горада закрыты для аўтамабілістаў.
Браціслаўскі Град
Па паданні, у крэпасці Браціслаўскага Града ёсць яшчэ адна назва: “перакулены стол” (альбо зэдлік). У тыя далёкія часы Браціслава мела назву Прэшпорэк. Раніцай людзі адчувалі сябе стомленнымі, яны знаходзілі свае рэчы перакуленымі і раскіданымі, нібы іх трэслі ўсю ноч. Жыхары крэпасці былі вымушаны кожны дзень наводзіць парадак, прыбіраць у сваіх пакоях. Аказваецца, недалёка, у горных пячорах, пасяліўся велікан. Ён панадзіўся цягацца ў крэпасць, кожны раз перакульваючы яе як стол. Пра тое, як перамаглі велікана, паданне не расказвае, а “стол” так і застаўся перакуленым. У 1881 годзе Град згарэў. Больш за 140 гадоў прастаяў зруйнаваны. Яго аднавілі, і цяпер у крэпасці размяшчаецца музей.
Фуяра
Фуяра – традыцыйны славацкі драўляны музычны інструмент. Падобны на вялікую флейту з трыма адтулінамі. Калі беларускія музыкі граюць на дудцы ці жалейцы, то трымаюць іх гарызантальна, а каб зайграць на фуяры – трэба ўзяць яе вертыкальна. Па памерах фуяра ад 50 і больш сантыметраў. Узнікла як музычны інструмент пастухоў. Уваходзіць у спісы шэдэўраў культурнай спадчыны чалавецтва.
Браціслаўскі заапарк
У 1959 годзе распачалося будаўніцтва заапарка ў адным з раёнаў Браціславы – Карлава Вес, размешчаным у лесе на схілах Малых Карпат. Спачатку плошча заапарка займала 9 гектараў, сёння – 96 гектараў. У ім было 1396 жывёл розных відаў. Але з кожным годам колькасць іх павялічваецца.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ