Славацкія мудрасці
Славацкая народная мудрасць
І да маладых трэба прыслухоўвацца
Пастух Рыхард пасвіў авечак на схілах гор, а таму і быў бліжэй да неба. Часам пасвіў ён і аблокі – нябесных авечак. Прынамсі, гэтак падавалася яму. Сярод красы славацкіх гор і стварыў пастух незвычайны інструмент, які назваў – фуяра. Цяпер кажуць, што ён блізкі да флейты. Але Рыхард ведаў, што ён блізкі да неба, лучыць яго з зямлёй ды іншымі пастухамі. Гучала фуяра незвычайна: людзі, пачуўшы музыку, думалі, што з імі размаўляе само неба. Пачуў аднойчы цудоўныя гукі і малады разьбяр па дрэве Любаш. А калі пабачыў інструмент зблізку, параіў Рыхарду ўпрыгожыць яго разьбою. Доўга не пагаджаўся пастух, казаў, што і так добра. А пасля ўсё ж аддаў інструмент у залатыя рукі Любаша. І калі раней фуяру не маглі наслухацца, дык цяпер і вачэй ад яе не маглі адвесці. Так і ўпэўніўся Рыхард, што і да маладых людзей трэба прыслухоўвацца: яны даюць часам карысныя нарады.
Набывай, каб выкарыстаць
Паспрабуй сказаць слова “сыр” – і абавязкова ўсміхнешся. А калі сыр будзе з Ліптава – горнага славацкага краю, дык і ўсмешка будзе шчаслівая. Некалі жыў у гэтым краі хлопчык Ладзіслаў, які вельмі любіў сыр. І заўжды быў гатовы дапамагчы не толькі бацьку, але і любому аднавяскоўцу падчас прыгатавання свайго ўлюбёнага ласунку. Ладзіслаў вырас, адслужыў у войску, займеў сям’ю і дзетак,дачакаўся ўнукаў. Аднойчы ён прысніў, як есць незвычайна смачны сыр. Прачнуўся Ладзіслаў і вырашыў паспрабаваць зрабіць свой гатунак. Не адзін дзень і не адзін месяц прамінуў, але атрымаўся нарэшце сыр такі ж, як у сне. І нічога дзіўнага ў гэтым не было: Ладзіслаў у маленстве, дапамагаючы рабіць сыр, назіраў, што ў яго дадае гаспадар. Таму і здолеў зрабіць свой сыр – яшчэ лепшы, чым той, ранейшы. Як кажуць славакі, у маладосці набывай, а ў старасці выкарыстоўвай.
Падрыхтавала Аксана СПРЫНЧАН.