Памірыў галубоў
Дзьмуў халодны асенні вецер. На пероне людзей было мама. Андрэйкаў тата размаўляў са знаёмым мужчынам. А сам Андрэйка з цікавасцю назіраў за галубамі, якія снавалі каля лаўкі, пераляталі з месца на месца.
Два галубы пачалі раптам біцца, не падзяліўшы знаходку – жаўтаватую скурку ад каўбасы. Нарэшце аднаму з іх надакучыла, мабыць, гэта валтузня, і ён, адляцеўшы ад лаўкі, сеў на шэрую ад сухой травы клумбу.
Пераможца голуб зашчаміў у дзюбцы скурку, пакруціў галоўкай і паглядзеў на Андрэйку – сведку іх бойкі. Потым, нібыта прысаромлены хлопчыкам, паляцеў да клумбы. Сеў побач са сваім супернікам і паклаў перад ім каўбасную скурку. Але той нават і не глянуў на яе, такую апетытную і жаданую хвілін колькі назад. Відаць, вельмі пакрыўдзіўся.
Андрэйку захацелася памірыць галубоў. Нейкі час думаў, як гэта зрабіць. І сцяміў нарэшце: пэўна ж, іх зблізіць яго пачастунак. Дастаў з сумкі батон, адламаў ад яго акрайчык. Пакамячыў у жмені, падышоў бліжэй да галубоў.
Галубы паднялі галоўкі, насцярожыліся, але не спужаліся, не разляцеліся ў розныя бакі. Андрэйка яшчэ раз, мацней, пакамячыў у жмені батон і не кінуў, а паклаў асцярожна на зямлю, каля сваіх ног. Адышоўся, зноў сеў на лаўку.
Бацька ўсё яшчэ размаўляў са знаёмым. Можа, і не бачыў, як адлучаўся Андрэйка. А галубы тым часам пачалі спорна дзяўбці духмяныя кавалачкі батона. Здзяўбаўшы ўсё, нешта завуркаталі на сваёй птушынай мове, нібыта падзякавалі Андрэйку за пачастунак. Узмахнулі крыламі і разам, ледзь не ў абдымку, паляцелі ў недалёкі скверык.
Іван Стадольнік