Расціце здаровымі і вынослівымі
Адны з вас, сябры, любяць гуляць у футбол, другія – катацца на лыжах і каньках, трэція – бегаць, скакаць у вышыню і даўжыню… У кожнага свой любімы занятак, свая гульня – у садзе і дома. У школе вы будзеце дужэць і загартоўвацца на ўроках фізкультуры, у розных спартыўных гуртках. Найбольш настойлівыя, магчыма, стануць вядомымі спартсменамі. Рабіце раніцаю фіззарадку, трэніруйцеся з мячом, спаборнічайце на лыжні і на бегавой дарожцы. Нальюцца сілаю мускулы, акрэпне характар – і вы парадуеце спартыўным перамогамі сваіх бацькоў і настаўнікаў.
Расціце здаровымі, вынослівымі і мужнымі, сябры!
Мікола Маляўка
Чэмпіён
Бегаць хутка, бачым,
Падабаецца Алегу:
Ён у садіку дзіцячым
Чэмпіён па бегу.
Хакеіст
З клюшкай у руках
Перамог ён страх –
І атакаваць гатовы
На пляцовачцы лядовай.
Вышыня ўзята
– Малайчынка ты, Мікіта! –
Хваліць сына тата.
Планка лёгкая не збіта,
Вышыня – узята.
Плыўчыха
Памагаюць трэніроўкі,
Ксеня радуецца ціха, –
І зайздросцяць ёй сяброўкі:
Ксеня – лепшая плыўчыха.
Загадка
На футбольным полі
Скача ён амаль штодня,
Без яго ніколі
Не пацешыць нас гульня.
Праспаў
Мядзведзь праспаў вясну:
Ён – чэмпіён па сну.
Небыліца
Зайчык шэры сам не свой,
Зайчык уздыхае цяжка –
На дарожцы бегавой
Абагнала чарапашка.