Як сонейка шукалі
Славацкая народная казка
Аднойчы вялікая хмара надоўга завесіла неба. Занудзіліся кураняты без сонечнага святла. І рашылі сонейка хутчэй на неба вярнуць.
– Дзе ж вы яго знойдзеце? – занепакоілася квактуха. – Няўжо вы ведаеце, дзе яно жыве?
— Ведаць не ведаем, а каго сустрэнем – спытаем, – адказалі кураняты.
Сабрала іх квактуха ў дарогу. Ішлі-ішлі кураняты і бачаць: у агародзе, за качаном капусты, сядзіць слімак. Спыніліся і пытаюць:
– Слімак, ці не ведаеш, дзе сонейка жыве?
– Не ведаю. Вунь на тыне сарока сядзіць, можа, яна ведае.
Але сарока не ведала. Яна скіравала іх да зайца, а той – да качкі.
– Гэй, суседка, ты дома? – крыкнуў заяц.
– Дома! – закракала качка. – Cяджу маркотная – сонейка тры дні не было.
– А мы якраз сонейка ідзём шукаць! – закрычалі разам кураняты, сарока і заяц. – Ці не ведаеш, дзе яно жыве?
– Я не ведаю, а вось за раўчуком, пад дуплаватым букам, вожык жыве – ён ведае.
– Вожык, вожык! – закрычалі кураняты, сарока, заяц і качка. – Ты не ведаеш, дзе сонейка жыве? Тры дні яго не было на небе, ці не захварэла?
– Як не ведаць! Ведаю. За букам – вялікая гара. На гары – вялікае воблака. Над воблакам – месяц, а там і да сонца рукой падаць!
Узяў вожык палку і пакрочыў наперадзе ўсіх дарогу паказваць. Вось падняліся яны на высокую гару. А там воблака за вяршыню ўчапілася і ляжыць-палежвае. Залезлі на воблака кураняты, сарока, заяц, качка і вожык, і паляцела воблака да месяца ў госці. Месяц убачыў іх і хутчэй засвяціў свой срэбны ражок. Прывёў іх да варот сонцавай хаты, а там святла няма: заспалася, відаць, сонейка і прачынацца не хоча. Тут сарока затрашчала, кураняты запішчалі, качка закракала, заяц вушамі запляскаў. А вожык палкай загрукаў:
– Сонейка-сонейка, вызірні!
– Хто пад акенцам крычыць? – спытала сонейка. – Хто мне спаць не дае?
– Гэта мы – кураняты, ды сарока, ды заяц, ды качка, ды вожык. Прыйшлі цябе будзіць.
– Вох, вох!.. – застагнала сонейка. – Тры дні мяне хмары хавалі, тры дні сабой атулялі. Я зараз і выбліснуць не змагу.
Пачуў пра гэта заяц – схапіў вядро і давай ваду цягаць. Пачула пра гэта качка – давай сонейка вадой мыць. А сарока – ручніком выціраць. А вожык – калючым шчаціннем начышчаць. А кураняты – парушынкі з яго змахваць.
Вызірнула сонейка на неба, чыстае, яснае ды залатое. І ўсюды стала светла і цёпла. Выйшла пагрэцца на сонейку і курыца. Выйшла, закудахтала, куранят да сябе кліча. А кураняты тут як тут. Па двары бегаюць, зерне шукаюць, на сонейку грэюцца.
Хто не верыць, хай паглядзіць: бегаюць па двары кураняты ці не?
Пераклала Маргарыта Прохар