Лельчыцы лечаць і гояць душу
Каля Лельчыц, дзе дубы гамоняць,
Рэчка Убарць сінізну нясе.
За стагамі пасвяцца тут коні,
Кінуўшы адбітак на расе…
Міхась Башлакоў
Бусел у небе і на зямлі
Прывабны герб Лельчыцкага раёна і яго гарадскога пасёлка. У ім, здаецца, закадзіравана ўся прыродная прыгажосць гэтай старажытнай палескай зямлі.
На тэрыторыі раёна – 74 вёскі. Па мясцовых сенажацях, палетках, барах, дубровах працякаюць рэкі Убарць, Балотніца, Карасцянка, Свінавод, Плаў. Лясы тут адчуваюць сябе прывольна, як галоўныя гаспадары ўсяе прыроды. Іх амаль семдзесят працэнтаў у раёне. Ёсць шмат вадаёмаў, забалочаных мясцін. Ёсць заказнік-журавіннік. Частка раёна аб’яўлена Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”.
Уяўляеце, колькі жыве ў гэтым пыродным царстве птушак – буйных і дробных, плаваючых і лятаючых. Сярод іх найбольш прыкметныя жыхары – белыя буслы. Людзі называюць сваіх верных сяброў лелькамі. Яны селяцца непадалёк ад чалавечых паселішчаў, даверліва ставяцца да сваіх суседзяў-людзей. Магчыма, і назва Лельчыцаў звязана з лелькамі, якія вельмі любяць гэтыя мясціны.
Вось і ў гербе Лельчыц, нібыта ў блакітных нябёсах, ляціць незвычайны лелька-бусел. У яго крылах – сіла і веліч, надзея і вольнасць. Здаецца, для гэтага ў яго ёсць і золата, і срэбра. Бусел ляціць над палескімі прасторамі, цешыцца іх багаццем і красой. А пад ім, быццам сімвалы багатай прыроды, – залатыя дубовыя лісты, сплеценыя ў вянок.
Птушка шчасця над лельчыцкамі прасторамі. Яна як сімвал надзеі, што ўсё будзе добра ў людзей, якія шануюць зямлю. Тут жылі іх продкі. Тут жывуць цяпер яны. Тут будуць жыць іх нашчадкі.
Госці з каменнага веку
На лельчыцкай зямлі людзі жылі дзевяць тысяч гадоў назад. Была эпоха каменнага веку. Вучоныя называюць той час мезалітам.
Як жылі тут першабытныя людзі?
Адказ на гэта няпростае пытанне шукаюць археолагі. Каля вёскі Ліпляны, на пясчаным узвышшы, яны знайшлі крамянёвыя сякеры, наканечнікі стрэлаў, разцы, праколкі.
На беразе Убарці ў даўнія часы збудавана вёска Ліснае. А жылі тут людзі яшчэ тады, калі ў дамашнім абыходку былі крамянёвыя прылады. Археолагі сабралі звыш тысячы розных рэчаў, якімі карысталіся некалі нашы далёкія-далёкія продкі.
У трынаццаці мясцінах раёна знойдзены абломкі даўнейшага посуду, крамянёвыя скрабкі, нажы, пласціны. Жыхары вёсак Мілашавічы, Убарацкай Рудні, Баравое, Буйнавічы, Новае Палессе, Сініцкае Поле могуць ганарыцца, што іх сённяшнія паселішчы некалі аблюбавалі для жытла людзі з сівой даўніны.
Зайдзіце, сябры, у музей і паўзірайцеся ў знаходкі археолагаў. Яны ўсе як бы простыя і крыху нягеглыя ў вырабах і апрацоўцы. Але ж падумайце, іх рабілі нашы старажытныя землякі амаль голымі рукамі. Вазьміце камень ці крэмень і паспрабуйце прасвідраваць у ім адтуліну. Сто патоў з вас выйдзе, пакуль зробіце гэта. І вы тады зразумееце кошт музейных экспанатаў, знойдзеных на тых землях, дзе вы цяпер жывяце, вучыцеся.
Борць і Убарць
Загадкі гісторыі трэба хацець і ўмець разгадваць. І тады мы яшчэ болей пазнаем, палюбім нашу мілую Беларусь.
Па лясным Лельчыцкім раёне працякае вялікая рака Убарць. Каб разгадаць яе назву, трэба ведаць слова “борць”.
Дык вось, борць – гэта вулей для дзікіх пчол. Ён уяўляў сабой ужо гатовае ці падрыхтаванае дупло ў дрэве або выдзеўбаную калоду. Рыхтавалі борці з сасны ці дуба. Каб зрабіць у калодзе хатку для пчол, майстры карысталіся металічнымі цёсламі, скрэбніцамі, малаткамі, пешнямі, спецыяльнымі вострымі сякерамі.
Была і прафесія – бортнік. Гэтыя людзі рыхтавалі борці, вывешвалі іх на дрэвах, даглядалі пчаліныя сем’і. Секчы бортнае дрэва лічылася за вялікі грэх, падсуднай справай.
Па берагах ракі бортнікі вывешвалі на дрэвах свае пчольнікі. Казалі: “Рака ў борцяў, значыць, каля борцяў”. Вось і пайшла назва ракі Убарць.
Бортніцтва – адзін з старадаўніх промыслаў на Беларусі. Даўнейшы бортнік цяпер называецца пчаляром. Пчолы жывуць у сучасных вуллях. А мёд як быў, так і застаўся адным з прыемных і карысных ласункаў для дзяцей і дарослых.
Дрэва-помнік
Каля вёскі Данілавічы расце цар-дуб. Ён лічыцца помнікам прыроды і ахоўваецца дзяржавай.
Каб агледзець вяршыню дуба, трэба высока закінуць галаву. Глядзі, каб шапка не звалілася. А каб абняць яго “талію”, трэба ўзяцца за рукі некалькім чалавекам.
Дуб-волат як бы нагадвае ўсім нам, што жывуць на Палессі моцныя людзі, дужыя і нязломныя пры любых вятрах, нягодах, бедах.
У свой час каля дуба-асілка пабываў наш слынны пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Ён, уражаны прыродным царом, напісаў эсэ “Дрэва вечанаці” і садзейнічаў таму, каб гэты дуб стаў “героем” фільма.
Вось як апісаў сваю сустрэчу з дубам-помнікам Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч:
“І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат. Здавалася, метраў на сорак-пяцьдзесят, бо яго ні з чым вакол нельга было параўнаць, вышэйшы за ўсё на зямлі. Роўны амаль да самай верхавіны, гладкі, амаль як мармур, карою (так уяўлялася ўпрыцемку), без адзінай шышкі на ёй, без адзінага наросту ці галінкі, ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы. Ён быў вечны і неўміручы…
У-у, якая вечная, якая жывая стаяла вакол яго цішыня! І я стаў і, няверуючы, пагаварыў з ім у думках, ціха памаліўся яму і папрасіў аб самым дарагім. А аб чым прасіў, аб чым маліўся – не скажу…”
Падумайце, сябры, што прасіў Уладзімір Караткевіч у тысячагадовага дуба, аб чым ён маліўся.
Уладзімір Ліпскі
Цікавыя дамашнія заданні прапануем вам пашукаць у часопісе!