Славацкае народнае адзенне
Традыцыйнае народнае адзенне да гэтага часу захоўваецца на некаторых тэрыторыях Славакіі. Даўней матэрыялам для ўбрання былі скура, футра, якіх дастаткова мелася ў горнай краіне, бо жыхары гадавалі авечак. У дзевятнаццатым стагоддзі народнае адзенне шылі з набытых матэрыялаў – бавоўны, кашміру, шаўковага атласу, каляровай пражы для вышыўкі. Упрыгожвалі стужкамі, пацерамі, штучнымі кветкамі. Мужчынская кашуля – косела – шыецца без шва на плячах і надзяецца праз галаву. Штаны – гатэ – палатняныя, шырокія. Раней яны лічыліся святочнымі, а цяпер на гатэ надзяюць штаны-нагавіцы. Нагавіцы часам запраўляюць у боты, упрыгожваюць шнурамі.
Аднаго колеру з нагавіцамі павінна быць камізэлька. Пояс, як сімвал мужнасці і моцы, быў вельмі шырокім, да 30 сантыметраў і з’яўляўся адным з асноўных элементаў старажытнага адзення. Выраблялі паясы са скуры і ўпрыгожвалі металічнымі пласцінамі. Каштавалі яны дорага, але ні адзін хлопец не мог з’явіцца на вуліцы непадпаясаным. Такія паясы і сёння носяць пастухі. Пояс з сякеркай і латуннымі скрэпкамі расказвае пра занятак людзей. Галоўнай часткай жаночага адзення з’яўляецца кашуля, падобная да мужчынскай. Адрозніваецца вышыванымі рукавамі і даўжынёй – ніжэй пояса.
Існуе некалькі варыянтаў спадніц. У цэнтральнай частцы Славакіі пяць шырокіх палос таканіны прымацоўваюць да пояса. Да пояса прымацоўвалі і фартух, але пазней да фартухоў і спадніц пачалі прышываць стужкі, якія паступова замянілі пояс. Цяпер паясы носяць як упрыгожванне. Дзявоцкі народны касцюм ад гарадскога пераняў жывуцік. Спачатку гарсэт- жывуцік быў толькі святочным элементам, потым стаў будзённым адзеннем. Ён без рукавоў, шчыльна аблягае фігуру. Славакі спрадвеку славяцца сваім уменнем прыгожа адзявацца, падбіраць моднае адзенне з натуральных даматканых тканін з традыцыйнай вышыўкай.