Чаму тыгра паласатая?
Жыла-была Тыгра. Ніхто яе не заўважаў, бо яна была бясколерная.
Убачыла аднойчы Тыгра, што сонейка спусцілася нізка, лапай можна дастаць. І было яно такое, як вялікі аранжавы мяч. Захацелася з ім пагуляць.
Бегла-бегла Тыгра, але ніяк не магла наблізіцца да мяча-сонейка. Убачыла ў кустах Малпу, спытала:
— Як мне пагуляць з аранжавым мячом?
– А ты ведаеш, што ім гуляюць толькі аранжавыя звяры? Напрыклад, вавёркі. Ад усіх астатніх мячы ўцякаюць.
– Не, гэтага я не ведала. Што ж мне рабіць?
– Слухай мяне, Тыгра, – сказала Малпа. – Калі ты хочаш зрабіцца аранжавым зверам, схадзі да вавёрак: яны шыюць аранжавыя каптаны.
Прыйшла Тыгра да вавёрак і ўбачыла, што жывуць яны на самай вершаліне дуба, якая губляецца ў небе.
Побач, на беразе рэчкі, сядзелі бабры. Да іх і звярнулася Тыгра:
– Дапамажыце мне, браткі бабры. Зрабіце лесвіцу, а я за гэта адганю ад вашых хатак выдраў.
– Добра, мы згодныя! Ты так страшна рыкаеш, Тыгра! Прагані хутчэй выдраў, а мы зробім табе доўгую-доўгую лесвіцу…
Тыгра ў новым аранжавым каптане, пашытым вавёркамі, спускалася ўніз па лесвіцы. Стомленая, яна нават не заўважыла, што бабры пафарбавалі лесвіцу ў чорны колер. Легла на прыступках і заснула. А калі прачнулася, то ўбачыла на сваім каптане чорныя палосы.
Вось так і зрабілася аранжавая Тыгра паласатай.
Цяпер, як толькі з’яўляецца ў небе аранжавы сонечны мяч, Тыгра бяжыць, каб пазабаўляцца з ім. Але гэты мяч уцякае ад яе. Затое дзеці, якія любяць добрую Тыгру, падарылі ёй шмат сваіх аранжавых мячоў. І Тыгра гуляе з імі кожны дзень.
Вера АСТАХНОВІЧ