Максімкава навука
Конкурс “Люблю Беларусь”
Максімкава навука
Раней ручкі былі з металічнымі пер’ямі, а пісалі ў сшытках чарнілам.
Рабіў неяк Максімка ўрокі. Прымроілася яму бесклапотная летняя пара, адпачынак у вёсцы. І бабуля з блінцамі, і дзед з вудамі, і лепшы яго сябар – сабачка Барбосік. Не бачыць ні літарак, ні слоў у сшытку.
А Клякса толькі гэтага і чакала. Шусь у сшытак – і расплылася!
Схамянуўся Максімка, абураецца:
– Што ж ты нарабіла, нягодніца? Як я цяпер у школу пайду? Прэч адсюль!..
– Мне і тут добра, – спакойна адказала Клякса.
Падышоў назаўтра Максімка да настаўніцы, расказаў, як усё здарылася.
– Я ведаю, як табе дапамагчы, – супакоіла настаўніца. – Вазьмі новы сшытак. І болей не лунай у марах, калі будзеш урокі рыхтаваць.
Прыйшоў Максімка дамоў, сеў за стол. Старанна выводзіць у сшытку кожную літарку, мары-ўспаміны прэч гоніць. І сам не заўважыў, як дапісаў нарэшце апошняе слова, кропку ў канцы паставіў.
А Клякса засталася ў старым сшытку. Адна-адненькая. Нікому не пакажа яе Максімка. Можа, толькі летам, у вёсцы, сабачку Барбосіку.
Уладзіслаў Шэшка.
Мінскі раён,
Каралёвастанская школа.