Крышку пра кніжку Міхася Пазнякова “Гульняслоў»
Крышку пра кніжку
Ці спрабавалі вы, сябры, гуляць у… словы? Аказваецца, гуляць у словы гэтак жа цікава, як і ў тыя ж хованкі, у камп’ютарныя гульні.
Вядомы паэт Міхась Пазнякоў прыдумаў новую кніжку, якая так і называецца – “Гульняслоў”. У ёй што ні старонка – займальнае падарожжа ў таямнічы і загадкавы свет роднай мовы.
У халадзільніку захоўваліся “халодныя” словы. Дзяўчынка Даша прыадчыніла дзверцы халадзільніка, і тыя словы выпалі з яго. Літары ўсе рассыпаліся, пераблыталіся. Пачала Даша падбіраць ды перастаўляць іх, каб аднавіць “халодныя” словы і вярнуць у халадзільнік. Што гэта за словы былі, даведаецеся з кніжкі.
Ёсць словы, якім падабаецца хаваць у сабе розныя рэчы, прадметы, нават жывёл, звяроў, птушак, з’явы прыроды. Хочаце ведаць, што за словы схаваны ў слове САРОКА? Ці можна перайначыць ЛІСУ на КАЗУ? Можна. З дапамогай моўнай гульні. З дапамогай падказак, якія ёсць у гэтай кніжцы.
Нібы ў казачным церамку, пад дахам “Гульняслова” пасяліліся ды пасябравалі займальныя задачкі з літарамі і словамі, гульні, пытанні на кемлівасць, розныя крыжаванкі, анаграмы, шарады, загадкі на антонімы, а таксама жартоўныя вершы, скорагаворкі, каламбуры, прыказкі і прымаўкі. Каб увайсці ў гэты церамок, трэба адшукаць тры чароўныя ключыкі. Адзін з іх – мова, другі – слова. Які трэці? Ён схаваны ў загадцы:
Скажа многа,
Хоць не размаўляе.
Крылы ёсць,
Ды не лятае.
Кніжка Міхася Пазнякова “Гульняслоў” адрасавана вучням пачатковых класаў, настаўнікам, выхавальнікам груп падоўжанага дня. Выпусціла яе ў свет рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Літаратура і Мастацтва”.
Мікола Чарняўскі