Латышскія ўборы
Латышскія ўборы
Латышы ўпэўнены, што рэчы захоўваюцца, пакуль яны каму-небудзь патрэбны. Сваю нацыянальную вопратку лічаць адным з сімвалаў Латвіі, які дапамагае на працягу стагоддзяў адчуваць сваю годнасць і самабытнасць. Традыцыі стварэння і ўпрыгожвання строяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Касцюмы, якія надзявалі на святы, захоўваюцца цяпер як сямейныя каштоўнасці.
Дзяўчаты насілі спадніцы і льняныя кашулі з доўгімі рукавамі. Іх шылі з квадратных кавалкаў тканіны, без выкрайкі. Кашуля складалася з дзвюх частак: іх змацоўвалі на плячах і падвязвалі поясам. Паясы з узорамі былі сімвалам пладавітасці. Пазней такім сімвалам стаў фартух. Важным элементам была шаль, вілайне, – прамавугольны ці квадратны кавалак тканіны, якім накрывалі плечы. Такая шаль белага або сіняга колеру выконвала дзве задачы: аздобленая вышыўкай, яна рабіла касцюм святочным і сагравала ў халодныя дні. Амаль тысячу гадоў галаўны ўбор, дарагі ці танны, сведчыў аб сацыяльным становішчы свайго ўладальніка. Дзяўчаты насілі вайнагас – вянкі, упляталі ў валасы каляровыя стужкі. Замужнія жанчыны аддавалі перавагу хусткам і шалікам з даматканай тканіны, пазней – капелюшам. Уборы дапаўнялі багатыя ўпрыгожванні са срэбра. Бранзалеты жанчыны надзявалі не толькі на рукі, а і на ногі. Кашулі і шалі ўпрыгожвалі бурштынавымі брошкамі: яны сімвалізавалі сувязь жоўтага каменя з сонцам.
Жанчыны звычайна шылі ўсё самі, а мужчыны часцей звярталіся да прафесійных краўцоў. Кашуля, штаны і кафтан хоць і вырабляліся з даматканай тканіны, але шыліся па гарадской модзе. З доўгім кафтанам насілі пояс: плецены ці скураны на ўсходзе краіны, металічны – на захадзе. Да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя штаны запраўлялі ў вязаныя панчохі, доўгія – да калена. Летам насілі саламяныя капюшоны, зімой – з цёплай тканіны ці з футра. Упрыгожвалі іх стужкай, як і капялюш на галаве.
Латышы шануюць свае нацыянальныя строі і ганарацца, што па аддзенні можна адрозніваць іх ад іншых народаў.
Анастасія Радзікевіч