21 кастрычніка пісьменніку Івану Муравейку споўнілася 90 гадоў
Пісьменніку Івану Муравейку – 90 гадоў
Іван Андрэевіч Муравейка – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. На аснове сваіх франтавых блакнотаў, дапоўненых вершамі і апавяданнямі, ён напісаў кнігу “Прынёс з вайны”.
Нарадзіўся пісьменнік 21 кастрычніка 1921 года на Любаншчыне, у вёсцы Таль, у сялянскай сям’і. Атрымаўшы атэстат сталасці, вучыўся ў інстытуце журналістыкі. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Пасля вайны працаваў адказным сакратаром і рэдактарам Любанскай раённай газеты.
Адна з паэтычных кніжак Івана Муравейкі называецца “Сем колераў вясёлкі”. Гэтыя колеры яскрава ззяюць-пераліваюцца ў яго паэмах і вершах, казках і байках, смяшынках і загадках. Дзіцячы свет вучобы, працы і вясёлых забаў, створаны таленавітым паэтам, надзвычай разнастайны і прывабны, багаты на таямніцы і адкрыцці.
Іван Андрэевіч Муравейка – заслужаны работнік культуры Беларусі. Ён – даўні сябар “Вясёлкі”. За творы, надрукаваныя на старонках часопіса, уганараваны прэміяй імя Васіля Віткі.