Як дурань у Рыгу ездзіў
Як дурань у Рыгу ездзіў
Латышская народная казка
У аднаго селяніна было тры сыны: два разумныя, а трэці дурань. Разумных сыноў бацька аддаў вучыцца ганчарнаму рамяству. А дурня пакінуў дома – няхай на печы ляжыць. Калі бацька памёр, старэйшыя браты-ганчары ўзялі ў свае рукі гаспадарку, а дурня ад усіх спраў адхілілі. Ён жа нічога не цяміць! І ўзяліся за справу. Церабілі лён, абпальвалі гаршкі – ад працы не адмаўляліся, абы грошы добрыя ішлі. І паміж сабой дамовіліся дурню грошай не даваць. Вось нарабілі браты гаршкоў, уся загарадзь імі абчэпленая. Пара везці ў Рыгу. Склалі яны гэтыя гаршкі на воз і паслалі малодшага брата на кірмаш.
– Прадай гаршкі, а грошы, глядзі, усе дадому прывязі. Чым больш грошай прывязеш, тым лепш.
Дурань запярэчыў:
– Як жа я ўсе грошы прывязу? Мне ж таксама трэба сёе-тое на выдаткі!
– Нашых грошай не крані!
– Добра, – сказаў дурань, – не дакрануся я да вашых грошай. Нават і не зірну на іх!
У Рызе на кірмашы падыходзяць да яго пакупнікі, пытаюцца, колькі гаршкі каштуюць. А ён кажа:
– Мне сказана да грошай не дакранацца. Дык я нават і глядзець на іх не хачу. Бярыце гаршкі дарам!
Пакупнікі як пачулі, што гаршкі дармовыя, давай іх цягнуць. Да вечара яшчэ далёка, а воз пусты. І дурань, пасвістваючы, едзе дадому. Яшчэ і да варот не пад’ехаў, а браты ўжо насустрач бягуць.
– Дурань, дзе грошы?
– І грошы, і гаршкі ў Рызе. Іх там вазамі бяруць. А грошай не даюць, пакуль усе гаршкі не прывязём.
Браты зноў пасылаюць дурня ў Рыгу. Адзін воз адвязе, а ў іх ужо другі гатовы. Так дурань вазіў гаршкі ўсё лета і ўсю восень. Вось ужо і зіма надышла, і снегу наваліла. Паехаў дурань з апошнім возам. «Эх, гора якое, – думае, – сёння трэба прывезці грошы за ўсе гаршкі. Не прывязу – браты ў жывых не пакінуць״. Вяртаючыся назад з Рыгі, пачуў у кустах пры дарозе нейкі шум. Пад’ехаў бліжэй, бачыць: рабаўнікі хаваюць у гурбе снегу скрынку са срэбрам. Дурань пачакаў, пакуль яны з’едуць, ускінуў скрынку на свой воз і – дадому.
Прыехаў і насыпаў братам поўныя шапкі срэбра, астатнія грошы пакінуў сабе. Разумныя браты адчулі сябе перад ім вінаватымі і дазволілі яму тое, на што раней ніколі б не пагадзіліся: ажаніцца!
Дурань сам знайшоў сабе нявесту і сам вяселле зладзіў. І потым жыў так разумна, што нават браты прыходзілі да яго за парадай. Вось як бывае, калі іншага дурнейшым за сябе лічыш!
Пераклала Маргарыты Прохар.
ахаха) здорава! дзякуй за казку!