Дзённая зорка
Аля з мамай ішла ў дзіцячы сад.
Дзяўчынка – кемлівая і дапытлівая, любіць прыдумваць розныя небыліцы. Для яе феі і гномы такія ж рэальныя, як і людзі ў родным горадзе.
Ранішняе сонца ласкава грэла твар. Лёгкі ветрык варушыў на галаве шаўковыя банцікі. Аля, як заўсёды, з цікавасцю глядзела па баках. Яны праходзілі якраз паўз пляцоўку, дзе будавалі жылы дом. Сюды-туды снавалі машыны з грузам. Пад’ёмны кран паварочваў над домам доўгую стралу з бетоннай плітой.
– Мамачка, глядзі – зорка! – закрычала раптам Аля і паказала рукой на дом.
На трэцім паверсе, у акне, вісела вялікая зорка. І ззяла так ярка, што на яе балюча было глядзець.
– Адкуль яна? – дзівілася Аля. – Удзень жа зоркі хаваюцца, спяць.
– Гэта не зорка, дачушка, – сказала мама. – Сонца так адбіваецца ў аконнай шыбе.
– Не, мамачка, гэта зорка. Чароўная зорка! Як і тая, што споўніла маё жаданне. Памятаеш, мы глядзелі вечарам, як падала яна з неба. І ты сказала, што трэба загадаць жаданне, пакуль зорка не згасла. Я загадала, і маё жаданне збылося.
Мама ўсміхнулася. Яна ведала пра тое Аліна жаданне і сама падарыла тады ёй кацянятка.
– Гэта чароўная зорка! – паўтарыла Аля. – Яна ўсю ноч спаўняла жаданні дзяцей. І так стамілася, што не змагла падняцца ў неба.
“Фантазёрка! – парадавалася мама. – Новую казку складае”.
– Бедная зорка! – спачувала Аля. – Няўжо так і будзе вісець да самай зімы? Яна ж замерзне!.. Давай падумаем, мамачка, як дапамагчы ёй.
– Тут, дачушка, твае феі і гномы не дапамогуць. Сіл у іх не хопіць. Патрэбен нехта іншы, магутны і высокі.
– Я ведаю, як дапамагчы зорцы, – ажывілася Аля. – Давай паклічам пад’ёмны кран. Ён зачэпіць зорку за праменьчыкі сваім жалезным крукам, разгайдае і закіне на неба, як мячык.
Сонца тым часам схавалася за хмарку, і аконная шыба на трэцім паверсе сцьмела.
– Пачакай, дачушка, – спынілася мама. – А дзе ж наша зорка?
– Ой, мамачка! Яна ж толькі што была там, у акне. Позна мы ўспомнілі пра пад’ёмны кран. Прапала, зорачка, прапала…
Аля ледзь не плакала. Мама прытуліла яе да сябе, супакоіла:
– Не, дачушка, не прапала. Яна, пэўна, добра адпачыла і нарэшце сама паднялася на неба.
Аля павесялела і спытала:
– А зорка прыляціць яшчэ да нас, на зямлю?
– Абавязкова прыляціць, дачушка, – запэўніла мама. – І споўніць тваё новае жаданне…
Так непрыкметна дайшлі яны да дзіцячага сада. Аля пацалавала маму і пабегла ў сваю групу, да сябровак, каб расказаць ім пра дзённую зорку.
Надзея Бельская
З рускай мовы
пераклаў Мікола Маляўка