Калі дзяцей шасцёра
Так пачнём: у таты з мамай
Няма часу пагуляць.
Устаюць заўсёды рана
І кладуцца позна спаць,
Бо у іх дзяцей шасцёра –
Гэта й радасць, гэта й змора.
Тры дачушкі –
Весялушкі,
Тры сыночкі –
Як дубочкі,
Носікі-курносікі,
Вочкі-васілёчкі.
Паспрабуйце дагадзіць –
Іх па густу накарміць.
Адна любіць кашку,
Другая – сыраквашку,
Трэцяя каўбаску.
Адзін любіць суп малочны,
Другі – мёд і торт пясочны,
Трэці – нічагушкі,
Хоць цягні за вушкі.
А калі пачнуць спрачацца,
Аж усё трасецца ў хаце.
Вышук можна не вясці –
Вінаватых не знайсці.
Прыйдзе вечар – трэба спаць,
Іх у ложкі не загнаць,
Хоць ты дубчыкам усіх –
І старэйшых, і малых.
Раніцой – наадварот:
Анічым не разбудзіць,
Хоць бяры вады вядро,
Каб з іх сон адразу змыць.
А пасля снядання тата
Аддае такі загад:
— У машыну, шпачаняты!
Хто – у школу, хто – у сад…
Хату ціша апануе –
Мама-мамачка сумуе.
Іван Муравейка