“Чытаем разам!” Аб’ядноўваемся!
“Чытаем разам!” Аб’ядноўваемся!
Рэспубліканская акцыя “Чытаем разам!”, абвешчаная РВУ “Літаратура і Мастацтва” і ўстановай “Рэдакцыя часопіса “Вясёлка””, працягвае падарожжы па Беларусі!
Акцыю падтрымалі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры Беларусі. Адкрылася яна ў канцы лютага гэтага года мерапрыемствамі ў Дзяржынску і Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Рыхтуючыся да сустрэчы з пісьменнікамі, школьнікі раёна разам з настаўнікамі, бібліятэкарамі чыталі беларускія кнігі. Гэта і ёсць задача акцыі: абудзіць цікавасць да кнігі, дапамагчы адбыцца сустрэчы з ёй юным грамадзянам нашай краіны, якіх, як і паўсюль у сучасным свеце, тэлебачанне і камп’ютэр вельмі часта пазбаўляюць гэтай шчаслівай магчымасці.
Такім чынам, чытанне кніг — галоўная мэта акцыі “Чытаем разам!” Урачыстыя мерапрыемствы — гэта падвядзенне вынікаў і, як спадзяюцца арганізатары, крок да наступнага этапа — зацікаўленасці да самастойнага чытання ў дзяцей.
З лёгкай рукі кнігалюбаў Дзяржыншчыны акцыя адразу набыла шырокі размах. Школьнікі раёна чыталі і абмяркоўвалі, у прыватнасці, кнігі Уладзіміра Ліпскага “Янкаў вянок” і “Свіцязянская русалка”, Алеся Карлюкевіча — “Радзімазнаўства”…
Эстафету ад Дзяржынскага раёна пераняла Рэчыца. У маі, незадоўга да канца навучальнага года, дэлегацыя пісьменнікаў наведала чароўны горад на Гомельшчыне. А ў верасні, адпачыўшы на летніх канікулах разам са сваімі юнымі чытачамі, удзельнікі акцыі прыехалі на поўнач Беларусі — на Міёршчыну.
Хочацца выказаць асаблівую падзяку за арганізацыю мерапрыемстваў акцыі “Чытаем разам!” Матусевічу В. І., начальніку аддзела адукацыі Дзяржынскага раёна, Елісеевай Т. Ф. — дырэктару Рэчыцкай раённай Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, Драба В. А. — начальніку аддзела адукацыі Міёрскага раёна, а таксама ўсім, хто шчыра браў удзел у мерапрыемствах акцыі і чытаў кнігі!
Розныя рэгіёны, розныя кнігі, розныя мерапрыемствы… Але тых, хто сустракае ўдзельнікаў акцыі, нязменна аб’ядноўвае адно вызначальнае пачуццё: энтузіязм, жаданне як найлепей прадставіць гасцям свой раён, сваю малую радзіму. І, канешне ж, прадэманстраваць сваю літаратурную дасведчанасць. Для кнігалюба гэта значыць — яшчэ раз узяць у рукі кнігу, перачытаць, паразважаць над ёй. А для шмат каго, хто аддае перавагу блуканню ў Сеціве, удзел у акцыі “Чытаем разам!” проста адкрывае чароўны свет беларускай кнігі.
Адбываецца цуд, якому і належыць адбывацца пры сустрэчы з мастацкім словам: у людзей распрамляюцца плечы, вочы выпраменьваюць святло. Становіцца відавочным: акцыя “Чытаем разам!” не толькі далучае да кнігі і абуджае цікавасць да друкаванага слова. Яна аб’ядноўвае людзей, акрыляе, напаўняе жыццё яркімі фарбамі.
Акцыя “Чытаем разам!” працягваецца! У канцы кастрычніка дэлегацыю пісьменнікаў чакаюць у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці.
Алена Масла
…часопіс «Бярозка» там таксама быў…)
Дарэчы, ваш галоуны рэдактар пiсала)