Рыўка Зіў «Казкі ў небе»
Казкі ў небе
Неба ў хмарках – як альбом.
Хто герояў дзіўных казак
Там малюе светлым днём?
Вунь ляціць імкліва коннік,
Грыва ўецца ў скакуна.
Вунь паўлін увачавідкі
Перакінуўся ў слана!
Прамільгнуў вярблюд двухгорбы,
А за ім – у ботах кот.
Весяляцца, б’юць у ладкі,
Водзяць гномы карагод.
Вось у круг іх нечакана
Уварваўся насарог,
Напалохаў бедных гномаў,
Параскідваў, збіўшы з ног.
За правіннасць гэту, пэўна,
Сам ахвярай нечай стаў:
Ад яго не засталося
Там, у небе, і хваста!
Ой, такога вы ніколі
Не пабачыце ў жыцці:
Проста з хмаркі пералётнай
Стала яблынька расці.
Хто мастак той, невідзімка?
Хто малюе зноў і зноў
Гэтых казачных герояў,
Птахаў розных і звяроў?
Я з акна альбом нябесны
Разглядаю ў вольны час,
Толькі на сваё пытанне
Не магу знайсці адказ.
Пераклаў Мікола Маляўка.