Ізраільская народная мудрасць
Ізраільская народная мудрасць
Каго болей любяць
Жылі ў адным мястэчку Роза і Навум, сястрычка і брацік. Адны бацькі іх гадавалі, а дзеці былі зусім розныя. І не толькі тым непадобныя, што Роза – дзяўчынка, а Навум – хлопчык. Навуму важна было ўсё, што яго датычыцца, нават у дробязях. Крый божа, калі яму яблык з чарвяком бацька дасць ці маці няроўную лусту хлеба адкроіць. Навум і прыгожа апранаўся, і прыгожа апавядаў пра тое, што думае, і прыгожа маляваў, праўда, пераважна аўтапартрэты. Адным словам, любіў толькі сябе. А ўсе болей любілі сціплую Розу. Навум тлумачыў гэта тым, што сястра – меншая. Але хто не ведае: чым болей думаеш пра сябе, тым меней цябе любяць.
Што не перадаецца ў спадчыну
У заможнай сям’і было толькі адно дзіця – Якаў. Зразумела, што яго, як кажуць, на руках насілі і бацькі, і дзве бабулі, і два дзядулі. Усе яны былі разумныя і адукаваныя людзі. Бацька – таленавіты матэматык, маці – мадэльер. Адзін дзядуля працаваў фінансістам, другі граў на скрыпцы. І жыў Якаў з маленства лёгка і бесклапотна, ведаў, што ўсё застанецца ў спадчыну яму аднаму. Калі вырас, так і сталася: і фінансы перайшлі да яго, і скрыпка, і швейная машынка, і матэматычныя формулы. Толькі граць і шыць ён не навучыўся, у формулах і бізнесе не разбіраўся. І зразумеў тады Якаў, што веды разам са спадчынай не перадаюцца.
Падрыхтавала Аксана Спрынчан.