Верасень
Суббота, 24.09.2011 13:15. Рубрика: Вершы
Травы ў кроплях срэбнае расы,
Дрэвы непрыкметна пажаўцелі.
Заціхаюць птушак галасы, –
Івалга з малінаўкай адпелі
Песні, што звінелі на зары
І будзілі сонечнае ранне:
Птушкі адляцелі да пары,
Каб вярнуцца ўвесну на спатканне.
Кружацца і падаюць лісты –
Ліпавы, бярозавы, кляновы,
І плыве, плыве туман густы
Ў задуменны ранак вераснёвы.
Сяргей Грахоўскі
Фота Марыi Базулька