Ізраільскае адзенне
Кожны можа пазнаць у натоўпе рэлігійнага яўрэя. Некаторыя скажуць: “На ім такая маленькая шапачка”. У перакладзе з іўрыта шапачка кіпа значыць – вяршыня, верхавіна. Яна з’яўляецца пацвярджэннем ветлівасці і добразычлівасці, чалавечай пашаны да Бога.
Ізраіль – краіна вернікаў, але не ўсе жыхары апранаюцца як рэлігійныя яўрэі, якіх можна лёгка пазнаць па вопратцы. Вандроўкі на працягу амаль двух стагоддзяў паўплывалі і на вопратку. Яўрэйскія касцюмы былі падобны да строяў краін, у якіх яны жылі. У 1948 годзе створана дзяржава Ізраіль, на тэрыторыі якой сабраліся яўрэі з 80 краін свету, кожны са сваёй гісторыяй і ўяўленнем пра нацыянальны касцюм. Рабіліся спробы аб’яднаць усе стылі ў адзін нацыянальны касцюм. Было мноства прапаноў і гарачых спрэчак. У выніку зразумелі, што нельга штучна стварыць нацыянальныя строі, якія змаглі б спадабацца ўсім. Таму ў сучасных ізраільцян няма адзінага агульнапрынятага нацыянальнага касцюма.
Старажытныя яўрэі насілі кашулі-кетонэт і плашчы-сімлы. Сімла ўяўляла сабой чатырохвугольны кавалак тканіны цёмнага колеру, сшытага так, каб засталіся проймы для галавы і рук з абодвух бакоў. Шырокая складка на грудзях выкарыстоўвалася як кішэня. Удзень сімла была вопраткай, а ноччу – коўдрай. Сімлу ўпрыгожвалі вышыўкай, зімой аздаблялі футрам. На чатыры куты верхняй вопраткі прышывалі кутасікі з ніцямі блакітнай бавоўны, каб увесь час нагадвалі пра запаветы Бога. Жаночыя строі былі падобныя да мужчынскіх, але даўжэйшыя, пераважна белага колеру. Шылася жаночае адзенне з больш каштоўных тканін і больш аздаблялася. Багатыя людзі выбіралі асірыйскія і пурпурныя фінікійскія, а таксама паўпразрыстыя егіпецкія і індыйскія тканіны. Шырокія, з мноствам складак сукенкі насілі з напускам і сцягвалі поясам. Распаўсюджаны былі хусткі, якімі яны прыкрывалі галаву, лоб і плечы. Калі дзяўчына наведвала родзічаў, гаспадыня дома здымала з яе хустку і доўга не вяртала, ветліва ўгаворваючы не спяшацца дадому, а яшчэ пачаставацца чаем.
Ізраільцяне ведаюць, што нацыянальны касцюм не ўзнікае сам па сабе, у ім увасабляюцца гісторыя, культура, лад жыцця народа. Магчыма, з’яўленне такіх строяў у дзяржаве Ізраілі яшчэ наперадзе, а пакуль жыхары краіны апранаюцца адпаведна сучаснай модзе і клімату.