Вася Вясёлкін запрашае ў Ізраіль
Вася Вясёлкін запрашае ў Ізраіль
Ізраіль – параўнальна маладая дзяржава з вялікай і старажытнай гісторыяй. Яна была створана 14 мая 1948 года. Мяжуе з Ліванам, Сірыяй, Іарданіяй, Егіптам. Плошча краіны – 20,7 тысячы квадратных кіламетраў. Сталіца – Іерусалім. Нацыянальная валюта – шэкель. Дзяржаўныя мовы – іўрыт і арабская, шырока распаўсюджана англійская мова. У краіне прыдумалі флэшку, антывірусныя і камп’ютарныя праграмы, мабільны тэлефон. Рака Іардан, возера Кінерэт, невялікія рэчкі, а таксама крынічкі і падземныя воды – асноўныя запасы прэснай вады ў краіне.
Іерусалім
Іерусалім, ці Ерушалаім, – гэта горад міру. Старажытная сталіца цара Давіда на вяршыні гары аднолькава свяшчэнная для трох рэлігій. З якога боку вы не набліжаліся б да горада, будзеце ісці дарогай паломнікаў: веруючыя людзі ходзяць гэтым шляхам не адну тысячу гадоў. Іерусалім – горад кантрастаў. Тут муры Старога Горада і гандлёвыя цэнтры Новага Горада, аркі часоў Рымскай імперыі і Равы часоў Візантыі. Святыні для яўрэяў, хрысціян і масульман – Сцяна плачу, Храм гроба Гасподня і залаты купал мячэці Скалы на Храмавай гары, мноства цэркваў, пабудаваных там, дзе праходзіў Ісус Хрыстос. А яшчэ ёсць Храм кнігі, у якім знаходзяцца пергаментныя скруткі Мёртвага мора – са старажытнымі тэкстамі, якім больш за 2000 гадоў. Маляўнічыя вітражы Марка Шагала ўпрыгожваюць медыцынскі цэнтр “Хадаса”. Усім гэтым уражвае і прываблівае Іерусалім.
Рош-а-Шана
Рош-а-Шана перакладаецца як “галава года”, што азначае іудзейскі Новы год. Адзначаецца ён на працягу двух дзён.Святкаваць пачынаюць пасля заходу сонца. Усе стравы, якімі частуюцца ў гэтыя дні, маюць свае сімвалы. Перад пачаткам вячэры прынята есці рыбныя галовы. Пры гэтым гавораць: “Воля Твая… каб мы былі ў главе, а не ў хвасце”. Чытаюць малітвы, трубяць у шофар – бараноў рог. Яго гукі павінны дапамагчы ў пакаянні. Сёлета свята адзначаецца 28 і 29 верасня, па яўрэйскім календары гэта будзе 5772 год.
Мёртвае мора
Мёртвае мора, якое яшчэ называюць Салёным, атрымала сваю назву таму, што ў яго водах – з-за вялікай канцэнтрацыі солей і мінеральных рэчываў – амаль адсутнічаюць жывыя арганізмы. Нават той, хто не ўмее плаваць, лёгка ўтрымліваецца на паверхні вады. Мёртвае мора – самае нізкае месца на планеце: яно на 412 метраў ніжэйшае за ўзровень сусветнага акіяна. Даўжыня мора – 74 кіламетры, шырыня – 17 кіламетраў, найбольшая глыбіня – 400 метраў. З даўніх часоў нашы продкі ведалі і пра лекавыя ўласцівасці вады Мёртвага мора.
Ір млахім
Ір млахім, у перакладзе з іўрыта – горад Каралёў. У Парку забаўлянак увасоблены сюжэты з вялікай кнігі Танах – Ветхага запавету. Падчас вандроўкі ў мінулае вас запросяць у пячору даўжынёй 360 метраў. Але перад гэтым трэба спусціцца на глыбіню 60 метраў на ліфце. Горад Каралёў знаходзіцца на самым захадзе Ізраіля – у Эйлаце. Эйлат – горад-порт на беразе Чырвонага мора. У ім створаны Музей рыб.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ