Слоўнік для Чамучак
Калі вы былі маленькімі, вас жартоўна называлі Чамучкамі. Кожны дзень вы пыталі ў мамы ці таты: “Што гэта? А чаму так гавораць?” Цяпер вы, сябры, ужо школьнікі, але вас па-ранейшаму цікавяць рэдкія словы. Для таго, каб даведацца пра іх значэнне, існуе тлумачальны слоўнік. Ён тлумачыць незразумелыя словы і выразы, размешчаныя ў алфавітным парадку, на кожным слове пазначаны націск.
Ёсць у беларускай мове словы “адвячорак” і “падвячорак”. Здавалася б, яны падобныя па гучанні. Але давайце зазірнём у тлумачальны слоўнік. Адвячорак – час перад захадам сонца, перадвячэрняя пара. З поля вярталіся адвячоркам. А слова падвячорак мае два значэнні. 1. Перадвячэрні час. 2. Лёгкая ежа паміж абедам і вячэрай. З’есці падвячорак.
Знайдзіце ў слоўніку тлумачэнне слоў “куфар”, “куфэрак”, “кораб”, “конаўка”. Вы не толькі даведаецеся пра значэнне новых слоў, але і пашырыце свае веды пра жыццё нашых продкаў: яны карысталіся гэтымі прадметамі ў паўсядзённым побыце.
Куфар – скрыня з векам і замком, якая служыць для захоўвання тканіны, адзення, каштоўнасцей.
Куфэрак – невялікі куфар, скрынка.
Кораб – вялікая пасудзіна з лубу, бяросты для захоўвання або пераноскі чаго-небудзь.
Конаўка – металічная пасудзіна з ручкай для піцця вады, квасу, звычайна самаробная.
Бачыце, як цікава вывучаць родную мову!
Ірына Буторына