Акварэлькі
З далёкай планеты Акварэль збеглі дзве маленькія мастачкі Акварэлькі. Узялі з сабой фарбы і адправіліся падарожнічаць. Доўга блукалі, пакуль позіркі іх не спыніліся на адной празрыстай планеце. Наблізіліся, каб разгледзець яе, але так нічога толкам і не ўбачылі.
І тут у адной Акварэлькі адкрыўся цюбік з фарбай, і сіненькая кропелька паляцела ўніз. Акварэлькі хацелі злавіць яе, але ў спешцы вылілі яшчэ некалькі кропелек. Прыйшлося спусціцца на празрыстую планету і паглядзець, што там нарабілася: фарбы ж былі не простыя, а касмічныя.
Кропелькі трапілі ў ваду. Атрымалася прыгожае блакітнае мора, у якім плавала шмат розных празрыстых рыбак. Акварэлькі рашылі затрымацца тут, каб крыху аздобіць прыроду і ўсё жывое на планеце.
Спачатку пачалі размалёўваць марское дно. Працаваць перашкаджалі цікаўныя рыбкі, і, адмахваючыся ад іх, Акварэлькі пырскалі вакол сябе фарбамі. Рыбкі сталі рознакаляровымі, і гэта вельмі забаўляла мастачак. Нарэшце яны завяршылі працу на марской глыбіні і паляцелі размалёўваць сушу.
На шляху трапляліся незнаёмыя звяркі і расліны. Акварэлькі размалёўвалі іх на ляту – у плямкі і палоскі. І кожны звярок, кожная расліна таксама цешылі і смяшылі іх сваім выглядам.
Неўзабаве празрыстая планета казачна змянілася, стала маляўнічай і вясёлай.
Стаміўшыся, Акварэлькі прылеглі адпачыць і моцна заснулі. Калі яны пасля вярнуліся на сваю планету Акварэль і расказалі пра незвычайнае падарожжа, дарослыя не паверылі ім, малым мастачкам. Сказалі, што ўсё гэта яны ўбачылі ў чароўным сне.
Юлія Трафімава