Сузор’е Лебедзя
Фарбы восені бачны ў пазалоце бярозак, у чырвоным полымі рабін, у срэбным убранні асінак. На маладым дубе лісце пачарнела, стала бліскучым нібы пакрытае лакам.
Раніца прачынаецца ўжо без птушынай песні. Калі павее холадам, вяла зацілікае хіба што сінічка.
Сёння я пакажу ўнуку Арцёмку сузор’е Лебедзя. Яно спрыяе адлётным птушкам у іх нялёгкай дарозе за мора, у цёплыя краіны. Узгорак, на якім мы стаім, жыве нібыта асобна ад усяго наваколля. Адсюль распаўзаюцца ў розныя бакі сцежкі, над імі шумяць рэдкія сосны. Далей цягнецца пазалочаны вераснем лес.
Сарваўшыся з дрэва, над намі пранёсся стракаты дзятлік.
– Уцёк, – уздыхнуў Арцёмка. – Я і разгледзець яго не паспеў.
– Нічога, зараз вернецца, – супакойваю я ўнука.
Падымаю з зямлі сучок і часта стукаю па ствале сасны. Праз хвілін колькі дзяцел прыляцеў, але ўжо не адзін, а з большым сябрам. Чорнымі вугольчыкамі вачэй яны глядзелі на нас спакойна, без страху, падняўшы ўгору дзюбкі.
Мы выйшлі на прасеку.
– Паглядзі, дзед!..
Арцёмка паказаў на страказу, што шклянымі крыльцамі заблыталася ў павуціне, і кінуўся яе вызваляць. Страказа крыху пазумкала, затым запусціла свой рухавічок і, зрабіўшы круг над Арцёмкам, растварылася ў небе.
Лес дыхае прэлым лісцем, мох пахне грыбамі. Хапаючыся за голле, спускаемся са сцежкі бліжэй да рэчкі. Адсюль, знізу, выразна відаць, як сінім светлячком павісла над зямлёй першая зорка.
“Дзінь-дзінь”, – падала голас вадзіца. Тонкі струменьчык пратачыў дзірачку ў беразе. Вада круціцца, віруе, пульсуюць пясчынкі ў круглай ямцы. А ў ёй плавае то ўніз галоўкай, то ўверх жывоцікам чорны павучок. Адчайна перабірае лапкамі, стараецца ўхапіцца за што-небудзь трывалае, каб выратавацца.
Арцёмка падаў павучку сцяблінку, і той імгненна выскачыў з вадзяной ямкі і схаваўся ў сухой траве.
Сонца тым часам апусцілася за лес, і мы нацянькі заспяшаліся дамоў. Каля вёскі прыпыніліся, зачараваныя прыгажосцю позняга адвячорка. Над намі шырока, аж на паўнеба, рассцілаўся зорны ручнік Млечнага Шляху. І я паказаў Арцёмку сузор’е Лебедзя – выцягнуты сілуэт птушкі, якая паказвае нашым крылатым сябрам шлях на поўдзень, у вырай.
Мікола Бусько