Мудрая Сава
У дрымучым лесе жылі тры браты-медзведзі: старэйшы, сярэдні і малодшы. Аднойчы ў лес прыляцела мудрая Сава, пасялілася побач з братамі. І захварэла.
Прыйшоў да яе старэйшы брат, пытае:
– Совачка, што з вамі?
– Кволюся я! Няма каму нават вады прынесці.
Прынёс старэйшы брат ёй вады. А тут сярэдні брат з’яўляецца.
– Як вы тут, Совачка? – пытае.
– Ой, дрэнна мне! У горле пячэ ад болю. Няма каму вады сагрэць, каб горла прапаласкаць.
Расклаў сярэдні брат вогнішча, сагрэў вады, зрабіў лячэбны настой для Савы.
Завітаў да хворай нарэшце малодшы брат. Скардзіцца і яму Сава:
– Хворая я! Няма каму падлогу падмесці, посуд памыць.
– Зрабіць гэта маіх братоў папрасіце, а мне адпачыць трэба, – буркнуў ён і пайшоў дадому.
Ачуняла Сава, паклікала братоў да сябе ў госці. Прывячала, частавала. А на развітанне старэйшаму падарыла гадзіннік, сярэдняму – гарлачык мёду, а малодшаму нічога не дасталося.
Сеў малодшы мядзведзь пад дрэва і заплакаў. Толькі цяпер ён зразумеў: дрэнна таму, хто нікому не робіць дабра.
Дзіма Быкаў
Мінскі раён, Ратамская СШ