Заячае сала
Украінская народная казка
Заячае сала
Сабраўся пан у далёкую дарогу. Сеў у вазок, узяў з сабой фурмана і паехаў. Едуць яны, едуць, а на дарозе – ні шынка, ні хаты, ні чалавека. Сумна стала пану. Фурман песні спявае, на коней пакрыквае, а пан маўчыць. Не хоча з простым мужыком размаўляць. Але дарога далёкая, пану маўчаць надакучыла. А тут якраз заяц прабег. Вось пан і павёў размову:
– Бачыш, Грыцко, зайца?
– Эге.
– Добры заяц?
– Угу.
– Ну ты і скажаш! Ці ж гэта заяц? Вось у мяне ў лесе зайцы дык зайцы! Я іх з-за мяжы завёз. Сабраўся раз на паляванне, узяў дзесяць загоншчыкаў. Пачалі яны на мяне зайца гнаць: аднаго, другога, дзясятага… А я толькі “бах!” ды “бах!”. Напаляваў не памятаю колькі. І ўсе такія вялікія, як бараны. Чаго ты маўчыш? Не верыш?
– Чаму не веру? Веру, – адказаў Грыцко. – Усякае бывае.
– А колькі я з іх сала атрымаў! – працягваў пан. – З кожнага – паўпуда.
Грыцко слухаў-слухаў ды як крыкне коням:
– Гэй, мілыя, хутчэй на мост, што пад брахунамі ламаецца!
Пачуў пан яго словы, спужаўся трохі і сказаў:
– Ну, можа, і не паўпуда сала з кожнага зайца, але ж фунтаў дзесяць будзе.
Едуць далей. Пан нервуецца, пытае:
– Грыцко, ці хутка той мост будзе?
– Ды хутка, пане.
Пан яшчэ больш спужаўся, што з-за яго падману мост паламаецца, і гаворыць:
– Не, відаць, я нешта пераблытаў. Не было з зайца дзесяць фунтаў сала. Так, фунты тры-чатыры.
– Ды мне што? – адказаў Грыцко. – Няхай так… Яшчэ вось крыху бліжэй да моста пад’ехалі.
– А ці хутка мост той будзе?
– Хутка, пане, толькі з горкі спусцімся.
Зусім напалохаўся пан.
– Не, Грыцко, той заяц не тлусты быў. Так сабе, заяц як заяц, якое з яго можа быць сала. Скура ды косці.
– Вядома ж, пан, заяц як заяц.
Супакоіўся пан, што сказаў нарэшце праўду і мост пад імі не зломіцца, і пытае:
– З горкі мы ўжо з’ехалі, а дзе ж той мост, што пад брахунамі ламаецца?
Грыцко ўсміхнуўся і адказаў:
– А ён, пане, як тое заячае сала, пра якое вы расказвалі, – растапіўся і знік.
Пераклала Маргарыта Прохар.