Разгадайце прымаўку
Бабуліна прымаўка
Добра спалучаецца з летам прымаўка: зялёная вуліца. Сапраўды, што можа быць прыгажэй у вёсцы, у бабулі, чым зеляніна: сад, ліпы, бярозкі. Але ж прымаўка мае не толькі прамое значэнне. Зялёная вуліца азначае свабодны шлях, без перашкод і затрымак. Пэўна, вы бачылі хуткі цягнік, які імгненна пралятае станцыі, адну за адной. Мы нездарма згадалі пра цягнік, бо прымаўка прыйшла да нас з мовы чыгуначнікаў. Калі трэба тэрмінова даставіць важны груз, то цягніку на працягу ўсяго шляху адкрываюць зялёныя семафоры. Так што весела адпачывайце на ўлонні летняй прыроды: у гэты час вашаму адпачынку – зялёная вуліца.
А цяпер паспрабуйце здагадацца, якія хатнія птушкі на бабуліным падворку забеглі ў наступную прымаўку: і …. не шэпчуць. Як вы разумееце гэту прымаўку?
Маргарыта Прохар