Яблычнае зярнятка
Яблычнае зярнятка
На яблычны Спас у адну кватэру пазванілі. Гаспадары, убачыўшы бабулю з працягнутай рукой, тут жа зачынілі дзверы. Яны і сваю маці справадзілі ў дом для старых, бо ім цесна стала жыць пад адным дахам. Але і пасля гэтага ў іх успыхвалі сваркі, ад якіх найбольш пакутавала дачушка Верачка. І зараз, убачыўшы бабулю, якая пайшла ні з чым, дзяўчынка ледзь не заплакала ад жалю. Прыхапіўшы кавалак пірага, яна выбегла на двор. Дагнала бабулю, і тая з удзячнасцю ўзяла пачастунак, потым засунула руку ў торбу і дастала вялікі румяны яблык.
– Вазьмі, унучка, і пачастуй тату з мамай, – сказала яна. – Думаю, злыя людзі пачаставалі іх яблыкам разладу. А гэта – яблык ладу, асвечаны ў храме. Вазьмі з яго зярнятка і пасадзі ў садзе. Вырасце яблынька, і плады яе дапамогуць людзям жыць у згодзе-лагодзе. Але зрываць іх трэба на яблычны Спас і абавязкова асвяціць.
Дзяўчынка так і зрабіла. Пакаштаваўшы мядовы яблык, бацька і маці на вачах падабрэлі. Нават забралі дадому сваю маці, Верчыну бабулю.
Вясной Верачка ўспомніла пра схаванае зярнятка ад яблыка і пасадзіла на дачы. Усёй сям’ёй даглядалі маленькі парастак, а затым – дрэўца. Разам з яблынькай расла і Верачка.
І вось на яблыньцы з’явілася першая завязь. Калі прыйшоў яблычны Спас, Верачка сарвала з галінкі румяны яблык, асвяціла яго ў храме і падарыла суседскай дзяўчынцы, наказаўшы:
– Пасадзі з яго зярнятка і вырасці сваю яблыньку. А пладамі з яе частуй потым людзей, каб яны жылі ў згодзе-лагодзе.
Станіслаў Валодзька