Вершы Яўгена Міклашэўскага
Четверг, 1.09.2011 10:36. Рубрика: Вершы
Дождж прайшоў
Дзве дзяўчынкі ў акенца глядзелі:
Ах, як шыбкі на ім запацелі!
Ды па шкле ўжо збягалі дажджынкі
І на ім пакідалі сцяжынкі.
Дожджык з даху сцякаў ручайкамі
І збіраўся пад вокнамі ў яме.
– І калі гэты дождж перастане? –
З лёгкім жалем прамовіла Аня.
– Ён амаль перастаў, – адказала
Ёй, акно праціраючы, Ала. –
На вадзе я не бачу кружочкаў:
Дождж прайшоў – не пакінуў слядочкаў.
Дасціпны коцік
Коцік скача:
– Мяў-мяў-мяў!
Я тваю вяндлінку ўзяў,
Бо люблю прысмакі.
– З’еў? – пытаю.
– Не скажу.
– Ой, глядзі, бо пакажу,
Дзе зімуюць ракі!
Сумна – ляж і паляжы
На канапе ў цішы.
– Добра!
Толькі пакажы,
Дзе зімуюць мышы.
Яўген Міклашэўскі