Вершы Віктара Гардзея
Вторник, 30.08.2011 10:54. Рубрика: Вершы
Малочны туман
Вербалозы і ракіты
Зелянеюць над вадой.
У нізках туман разліты –
Белы, быццам сырадой.
Малако туманных раніц
Сонца п’е каля ракі,
І таму ў яго румянец
Не сыходзіць са шчакі.
Ля ракі крушына і лаза.
З лісціка ўзляцела страказа.
Крыльцамі трапеча і гудзе –
Толькі цень бліскучы на вадзе.
Так і кружыць цёплай раніцой
Самалёцік сіні над ракой.
Месяц коціцца за хату.
Тут Алёнка кажа тату:
– Прывязаць яго нам трэба,
Каб не ўпаў ён часам з неба.
Віктар Гардзей
У гэтым месяцы пісьменнікам Віктару Гардзею і Алесю Марціновічу спаўняецца 65 гадоў. Віншуем юбіляраў – даўніх аўтараў і сяброў “Вясёлкі”! Жадаем здароўя, творчага плёну.