Спеўны ганцавіцкі край
Спеўны ганцавіцкі край
Штогод, у першую нядзелю восені, у нашай краіне ўрачыста адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета свята прыпадае на 4 верасня. Яно пройдзе на Брэстчыне, у Ганцавічах. Горад гэты малады. Свой пачатак бярэ з 1884 года. Пасля завяршэння будаўніцтва палескіх чыгунак на ўчастку Вільня – Баранавічы – Лунінец пачаўся рух цягнікоў, з’явілася прамежкавая станцыя. Яна атрымала назву ад вёскі Ганцавічы, што знаходзілася непадалёку.
У самой жа вёсцы станцыю не будавалі з-за нізкай, забалочанай мясцовасці. Дый зусім блізка да чыгуначнага палатна падыходзіла дрыгвяністае возера Шчыльнае. Станцыю заклалі крыху далей, на пагорку, у прыгожым сасновым бары. Новае паселішча спачатку называлася Падбудовай, таму што было, па сутнасці, падбудавана да вёскі Ганцавічы. Толькі з цягам часу яно стала пасёлкам Ганцавічы, а 6 снежня 1973 года – горадам.
Вас, мабыць, цікавіць, адкуль узялася назва Ганцавічы. Паводле падання, калісьці на гэтым месцы стаяла застава. Розныя даручэнні выконвалі ганцы, па-мясцоваму – ганцэ. Калі з’явілася паселішча, яно і стала называцца Ганцэвічамі, а пазней – Ганцавічамі. Навукоўцы ж вытлумачваюць гэтy назву ад прозвішча Ганцэвіч. Магчыма, і сапраўды тут жыў нехта Ганцэвіч – чалавек рупны, да працы здатны. Іначай у глушы, дзе балоты суседнічалі з азёрамі, дрымучыя лясы з багнамі, не выжыў бы.
Дарэчы, яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя жыццё тутэйшых людзей мала ў чым змянілася. У гэтым вы ўпэўніцеся, пазнаёміўшыся з аповесцю Якуба Коласа “У палескай глушы” – першай з трылогіі “На ростанях”. Некалі, у 1902 – 1904 гадах, народны пясняр настаўнічаў у вёсцы Люсіна. У аповесці яна называецца Цельшына.
Шмат згадак пра побыт жыхароў Ганцаўшчыны пакінуў вядомы этнограф, фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, запісваючы прымхі, забабоны, казкі, вусныя апавяданні.
Сённяшнія Ганцавічы – прыгожы і ўтульны горад. Непазнавальна змяніліся і палескія вёскі. А яшчэ гэты куток адметны тым, што тут шмат народных талентаў – спевакоў, танцораў, тых, хто спрабуе сілы ў літаратурнай творчасці. Пісьменнікі Васіль Праскураў, Уладзімір Марук, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Алесь Кажадуб добра вядомыя ў нашай краіне.
Аднак у шэрагу знакамітых ганцаўцаў, безумоўна, першае месца належыць Віктару Гардзею. Ён і паэт, і празаік, і нарысіст, і эсэіст. Зазірніце ў школьную бібліятэку, у ёй павінна быць кніга яго прозы “Аселіца ў басейне Чорнага мора”. Паверце, рэдка хто можа так праўдзіва расказаць пра сталенне вясковага хлапчука. А наколькі любяць Віктара Гардзея ў родных мясцінах, красамоўна сведчыць такі факт. У 1996 годзе адзначалася ягонае 50-годдзе, і жыхары вёскі Малыя Круговічы вырашылі вуліцу, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся пісьменнік, назваць яго імем. Ганцавіцкі райвыканкам ахвотна пайшоў насустрач. Так і з’явілася адзіная ў нашай краіне вуліца, якая носіць імя жывога пісьменніка.
Ганцавіцкая зямля, спеўная, таленавітая, чакае гасцей. Найперш пісьменнікаў, якія, пабываўшы на свяце, пэўна ж, напішуць новыя цікавыя творы.
Алесь Марціновіч