Дзядзька і ніткі
Прачнуўся на печы, дзе мы з братам Паўлам спалі, ад незвычайнага шуму ў хаце. Устрывожана гаманілі жанчыны: бабуля, мая маці, цёткі.
— А Божачка! Гэта ж вядзьмарства! Гэта тая цыганка, што хадзіла ўчора і якую пабілі за ўкрадзеную ў Алімпіхі хустку.
Больш за ўсіх войкала цётка Наталля.
Безумоўна, я мігам скаціўся з цёплай печы на халодную падлогу. Цікава ж, што за вядзьмарства і дзе яно?
А яно на вуліцы. Нябачныя дзівосы!
Ад палісадніка каля нашай хаты да палісадніка суседняй хаты, што насупраць нашай, вокны ў вокны, даволі шырокая для мяне, малога, вуліца, пераплеценая ніткамі. Звычайнымі кужэльнымі, якія пралі ў кожнай хаце. Дзяўчаты збіраліся да каго-небудзь на вячоркі са сваімі самапрадкамі, прасніцамі, пралі кужаль ў маткі, спявалі песні. Я вельмі любіў, калі чарга даходзіла да нас і дзяўчаты і хлопцы збіраліся ў нашай хаце.
І вось гэтымі ніткамі, не адной, не дзвюмя, а мноствам, як на кроснах – ад сувоя да бёрдаў, — перапляталася вуліца.
Было чаму здзівіцца! На вуліцы па абодва бакі нітак збіраліся людзі, але ніхто не адважыўся падлезці пад іх.
Спыніліся коні, спыніліся людзі. Ніхто не адважваўся парваць ніткі. Дзед мой Міначка заўсёды лаяўся і мала калі хрысціўся. А тут зайшоў з хлява, куды аднёс каровам сена, глянуў у акно, перахрысціўся. Але ў вядзьмарства ён не верыў, таму сказаў:
— Гэта трэба ж нейкаму паганцу столькі маткоў нітак украсці і папсаваць. Рукі яму мала перабіць. А працаваць колькі трэба было! Дома яму няма што рабіць.
Маці мая і цётка пайшлі на вуліцу. Бабуля Ульяна папярэдзіла іх:
— Не лезце ж наперад.
Гэта датычылася цёткі Мар’і, якая заўсёды была завадатаркай у дзявочым карагодзе.
Я таксама ірваўся на вуліцу, але мяне не пусцілі.
Людзей на вуліцы большала.
А ў нас у хаце адзін чалавек бестурботна спаў: хроп на ляжанцы мой дзядзька Трафім, якога я любіў за весялосць. Жартаўнік быў, музыка, спявак.
Бабуля тузанула яго за нагу:
— Трышка! Прачніся, гулёна. Дзе цябе да раніцы чэрці насілі? Паглядзі, што робіцца ў свеце! Хату нашу зачаравалі.
Трышка падхапіўся, скочыў да акна, працёр вочы, здзівіўся:
— Ай, ай! Што зрабілі ведзьмары! А людзей-людзей! Як на кірмашы!
Між тым на вуліцы з’явіўся свяшчэннік з кадзілам, пачаў чытаць малітву, каб прагнаць нячыстую сілу, што ўчыніла такі здзек над сяльчанамі.
Убачыўшы папа, Трышка весела засмяяўся. І тады бабуля трэснула яму драўляным апалонікам па ілбе.
— Твая работа, шалапут ты! Акаянная галава! На табе чэрці смалу будуць вазіць, бязбожнік.
Трышка весела зарагатаў. А следам за ім і я – ажно паваліўся на лаўку. Якімі героем здаўся мне любімы дзядзька! Ніхто б такога не прыдцмаў!
Іван Шамякін
З кнігі “Промні маленства”