Не крадзі
Прачнуўся і пачуў узбуджаныя галасы жанчын. Зноў здарылася штосьці незвычайнае? Што? Звесіўся з печы з-за коміна, каб лепш пачуць. Расказвала цётка Наталля. Ажно захліпалася ад хвалявання. Яна шапялявіла і, калі гаварыда са злосці ці страху, нялёгка было разбіраць, пра што яна кажа.
Не, тут яна гаварыла выразна.
— А мамачка мая, сястрыца, якога страху я набралася! Думала – смерць мая прыйшла. Толькі я адчыніла дзверы ў хату цёткі Хадоскі, а ў печы як бабахне. Не іначай бомба. Галавешкі паляцелі на мост, добра, што вёдры з вадой стаялі – заліў дзядзька Кузьма, а то быў бы пажар. А Хадоска ў голас: “Ой, гаршчочкі мае!” А гаршкі ў печы – усе ў чарапкі, ніводнага цэлага…
— А Божачка! Божачка! – войкалі бабуля і маці мая. – Што ж гэта такое? Можа, праўда, бомба?
Дзядзька Трышка, накручваючы вяроўкі ад лапцей на анучы, засмяяўся і сказаў:
— Я знаю, што гэта такое.
Дзед Міначка – гарачы быў наш дзед – кінуўся да сына з аброццю ў руках.
— Зноў твая работа, кручаны? – у дзеда быда такая лаянка – кручаны, кручаная, слова гэтае, мабыць, замяняла словы шалены, вар’ят, апантаны, ашуканец, задзіра. Б’юцца хлопцы на вуліцы – дзед кажа: “Во кручаныя.” Галосіць на вуліцы пакрыўджаная мужам жанчына – дзед асуджае: “Во кручаная! Людзей пасаромелася б”.
Дзядзька Трышка, выхапіўшы ў дзеда аброць, сказаў цвёрда:
— Што ты, бацька? Хіба я зрабіў бы такое? Каб людзей забіла. Я знаю, хто гэта падстроіў. У каго Хадоска дровы крала. А дровы кралі ў нашага суседа, ўто жыў праз дзве хаты, — у Мікіты Цяпкі, бязногага, на вайне яму нагу адарвала – і ён хадзіў на драўляшцы. Я шкадаваў Мікіту, але чамусьці баяўся яго драўлянай нагі, калі яна моцна грукала па падлозе ці па мёрзлай зямлі – як бы пагражала ўсім за крыўду, што ўчынілі яму людзі.
Мікіта ў нашай хаце скардзіўся, што нехта крадзе ў яго дровы. Жанчыны спачцвалі чалавеку: нялёгка яму, бязногаму, пілаваць і секчы тыя дровы! Але, можа, я адзін пачуў, як Трышка параіў суседу:
— А ты правучы злыдня. Ты ж салдат.
Як правучыў – пра гэта смехам расказвалі пасля здарэння. Пракруціў Мікіта ў палене дзірку і запхнуў туды патрон з порахам без кулі і шроту. Патрон і рвануў.
Суседзі смяяліся. А Хадоска, гаманкая і крыклівая кабета, маўчала. А каму паскардзішся? Пакарана за кражу. Не крадзі!
Іван Шамякін
З кнігі “Промні маленства”.
цiкава