Індыйская народная мудрасць
Дапамагайце людзям
Хлопчык Радж вельмі любіў свайго дзядулю Кішана. І як было не любіць такога дзеда? Той і ўсіх птушак ведаў, і рыбак быў адмысловы, а ўжо розныя цікавыя гісторыі, як падавалася, з усяго свету да яго прыляталі і прыплывалі. Дзед Кішан, добры і спагадлівы, заўжды дапамагаў і суседзям, і падарожнікам. Нават калі ў самога не было чаго есці, мог апошнюю рыбіну аддаць суседцы Яміні – у той нядаўна нарадзілася маленькая дзяўчынка. Дзядуля і Раджа вучыў дапамагаць людзям. Неяк хлопчык запытаўся ў дзеда: “Вось аддаў ты рыбіну, і што з таго – з’ядуць яе, і нічога не будзе.” Дзед Кішан паказаў Раджу на птушку, што якраз села на галінку, сказаў: “Не пабачыш следу птушкі ў паветры, а рыбы – у вадзе. Гэткі ж шлях і ў добрых спраў.”
Рабіце добрыя справы
Дзяўчынка Лакшмі любіла сны. Калі яна прачыналася, дык узгадвала ўсё, што сасніла. Потым распытвала, што снілі сястрычка Дэві і брацік Кіран, суседскія дзяці. Недзе апоўдні Лакшмі рабіла сваю звычайную выснову: “Найлепшыя сны прыходзяць да мяне. Ва ўсіх астатніх яны не такія цікавыя.” Папалуднаваўшы, дзяўчынка зноў клалася спаць, каб пабачыць новыя сны. Тыя да яе прыходзілі, а вось думка пра тое, каб дапамагчы чым-небудзь маме, – не. Аднаго разу, прачнуўшыся, Лакшмі ўзгадала, што сасніла пытанне: “Якую добрую справу зрабіць мне сёння?” У сне яна атрымала і адказ. Мама, пачуўшы ад дачкі, як звычайна, што “найлепшыя сны прыходзяць да мяне”, не разгубілася і пацвердзіла, што гэта сапраўды – найлепшы сон, і параіла яго ажыццявіць. Лакшмі набрала вады ды паліла сонныя ад сонца кветкі, і тыя прачнуліся. Дзяўчынку так уразіў спраўджаны сон, што гэта пытанне стала сніцца ўсё часцей і часцей. Нават калі Лакшмі яго не сніла, дык уяўляла, што нібыта спіць, і пыталася: “Якую добрую справу зрабіць мне сёння?” А добрых спраў, як высветлілася, у свеце не меней, чым добрых сноў.
Падрыхтавала Аксана Спрынчан