Жар-птушка
Пятница, 5.08.2011 22:58. Рубрика: Вершы
Дзе лятаеш ты, Жар-птушка,
Дзе шукаць тваё гняздо?
Можа, маеш ты, пястушка,
Церам свой і служак сто?
Служкі чысцяць апярэнне
Ды наносяць чырвань-лак.
І ад пер’я – асвятленне…
Хай бы ўсё было не так.
Светлы церам – вельмі мала,
Калі церам толькі твой.
Я хачу, каб ты заззяла
Над усёй-усёй зямлёй!
Сонца ў промнях-завітушках
У мяне над галавой.
Сонца, можа, ты, Жар-птушка,
А ўсё неба – церам твой?