Лета радуе ўсіх
Якое раздолле летам! На рэчцы, у лесе і ў полі, на спартыўнай пляцовачцы. Любуйцеся вясёлкай у небе, слухайце птушыныя спевы, частуйцеся ягадамі і першымі яблыкамі. І бегайце пад цёплым, сонечным дожджыкам, каб хутчэй падрасці. Весела адпачывайце, набірайцеся сіл, у добрым настроі сустракайце кожны дзень. Няхай лета радуе ўсіх вас, сябры!
Ганна Атрошчанка
Лета
Лецейка ты, лета!
Сонейкам сагрэта,
Дожджыкам умыта,
Кветкамі спавіта.
Вера Астахновіч
Букет
Я дамоў
Прыйшла з букетам.
– Чым ён пахне, мама?
– Летам.
Генадзь Аўласенка
Месяц і зорачкі
Месяц, срэбны пастушок,
На жалейцы грае,
На нябесны муражок
Зорачкі збірае.
А як сонейку ўставаць –
Гоніць іх адпачываць.
Таццяна Мушынская
Чэмпіён
Як прачнецца
Радзівон,
Дык хутчэй
На стадыён.
Не прысядзе,
Вечна ў руху,
Крос бяжыць ён –
Круг за кругам.
Разумее,
Трэніроўка
Зробіць дужым,
Зробіць лоўкім.
Б’е рэкорды
Радзівон,
Сярод нас ён –
Чэмпіён.
Уладзімір Рунцэвіч
Заапарк
Я маю дома заапарк:
Ёсць чарапаха і хамяк,
Знайшлося месца папугаю…
Каго яшчэ прыдбаць – гадаю.
Загадка
Чырвонае цельца,
Каменнае сэрца.
Салодкая на смак,
А завецца як?
Размалёўка
У Светак,
Дзвюх дзяўчынак,
Шчаслівы адпачынак:
Лятаюць іх ракеткі –
Гульні вясёлай сведкі.
Антон зайздросціць ім,
Равесніцам сваім:
Не ўмее ён, Антон,
Гуляць
У бадмінтон.